Сапраўдны цуд

Главное

_MG_7564 (Small)Шэраг святочных мерапрыемстваў пад агульнай назвай “Цуды на Каляды” прайшоў на Браслаўшчыне ў апошнія дні мінулага года ў рамках традыцыйнай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Іх арганізатарам выступіў раённы камітэт БРСМ.
Па словах першага сакратара райкама Марыі Сяліцкай, у раёне ёсць пэўная колькасць дзяцей, якія па розных прычынах не атрымліваюць навагоднія падарункі. Такое здараецца, калі, напрыклад, сям’я няпоўная і маці знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці, ці бацькі – непрацуючыя і не могуць разлічваць на дапамогу прафсаюзаў. Менавіта на такіх сем’ях і дзецях сканцэнтравала свае намаганні маладзёжная арганізацыя.
Загадзя быў арганізаваны збор сродкаў і рэчаў, у якім прынялі ўдзел як радавыя грамадзяне, так і арганізацыі раёна. Найбольш актыўнымі дабрачыннікамі аказаліся РАНС, рэдакцыя раённай газеты і непасрэдна раённая арганізацыя БРСМ. З ахвяраваных рэчаў і набытых саладосцей былі сфарміраваны навагоднія падарункі, якія знайшлі сваіх адрасатаў прама напярэдадні свята – 31 снежня. Трэба сказаць, што загадзя ніхто нікога не папярэджваў, а таму і віншаванні былі непаўторнымі і, што самае галоўнае, выклікалі ў дзяцей і іх бацькоў не толькі здзіўленне, але і сапраўдную, шчырую радасць і непадробныя ўсмешкі.
Такім чынам, акцыя “Цуды на Каляды” сёлета цалкам апраўдала сваю назву і прымусіла прызадумацца тых, хто да гэтай пары не верыў у іх.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.