Станоўчы вынік “Суседскай дарогі”

Новости

IMG_0205 (Small)Адыходзячы год для жыхароў Браслаўшчыны стаў даволі багатым на завяршэнне разнастайных міжнародных праектаў. Іх рэалізацыя, несумненна, прыносіць значныя выгады як людзям, так і інфаструктуры нашага краю. Вось і ў мінулую сераду адбылося афіцыйнае адкрыццё прыгранічнай дарогі і адноўленага спрошчанага пункту пропуску “Каплава — Плюсы” з беларускага боку.
Браслаўскі раён і Краслаўскі край з’яўляюцца гістарычнымі суседзямі, таму насельніцтва прыгранічча вельмі актыўна карыстаецца гэтым спрошчаным пунктам пропуску перасячэння мяжы, каб наведаць сваякоў ці аддаць даніну памяці памерлым родным. Аднак вузкая пасялковая дарога ў Плюсах не толькі не спраўлялася з даволі значнай нагрузкай, але і была на асобных участках небяспечнай для вадзіцеляў і пешаходаў.
Выправіць становішча стала магчыма дзякуючы рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Суседская дарога”. Партнёрамі яго выступілі Краслаўская краявая дума, Галоўнае пагранічнае ўпраўленне Латвіі, Дзяржаўны пагранічны камітэт РБ, Браслаўскі райвыканкам, камітэт эканомікі Віцебскага аблвыканкама, стратэгічныя партнёры — Генеральнае консульства РБ у г. Даўгаўпілсе і консульства Латвіі ў г. Віцебску.
На рэалізацыю праекта “Суседская дарога” Еўрапейская камісія выдаткавала 511755 еўра, якія былі падзелены на дзве роўныя часткі для беларускага і латвійскага боку.
Засталіся ў мінулым амаль 1,5 года напружанай працы каардынатараў, партнёраў і ўдзельнікаў праекта. Безумоўна, не ўсё ішло роўна і гладка, але сумесная зладжаная работа ўсіх зацікаўленых бакоў дала станоўчы і вельмі патрэбны для мясцовага насельніцтва вынік.
Урачыстае адкрыццё латвійскага спрошчанага пункту пропуску, на якім прысутнічала і браслаўская дэлегацыя, адбылося 11 снежня.
Перарэзаць чырвоную стужку і даць афіцыйны пуск беларускаму спрошчанаму пункту пропуску перасячэння мяжы “Плюсы” на месца падзеі прыбылі Генеральны консул РБ у г. Даўгаўпілсе Віктар Гейсік і старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў.
Ва ўрачыстасці таксама прымалі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Давыдзенка, старшыня Плюскага сельвыканкама Пётр Бялусь, начальнік упраўлення пагранічнага кантролю Полацкага пагранатрада вайсковай часці 2034 Аляксей Смірноў, начальнік аддзела пагранічнай службы “Опса” Сяргей Саўчук, намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны і каардынатар праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі Галіна Паніч.
Па традыцыі дэлегацыю ў пачатку адноўленай дарогі сустрэлі легендарныя заснавальнікі нашага горада Дрыва і Брас, якія па старажытнай беларускай традыцыі пачаставалі гасцей пахучым бурштынавым мёдам.
У сваім прыветным слове Сяргей Шматаў адзначыў важнасць завяршэння праекта “Суседская дарога” для мясцовых жыхароў і выказаў спадзяванне на яго працяг, які дазволіць аднавіць дарогу да Браслава.
Затым на аўтамабілях дэлегацыя накіравалася да пагранічнага паста.
Што і казаць, прыемна і зручна ехаць па 1,5 км шырокай прыгранічнай дарозе, на якой зараз могуць спакойна размінуцца аўтамабілі, а пешаходам не трэба саскокваць у хмызнякі на абочыны, каб прапусціць машыну.
Невялікі, але даволі камфортны, наколькі дазваляюць вайсковыя правілы, пункт пропуску абсталяваны новай мэбляй, кандыцыянерам, ёсць і куханька. Але асноўнае — сучасная аргтэхніка, якой, як заўважыў А. Смірноў, няма нават на пункце пропуску “Урбаны”. Безумоўна, такое аснашчэнне значна скарачае час і стварае якасна новыя ўмовы перасячэння дзяржаўнай мяжы.
Прадугледжана тут і аўтастаянка на 10 месц. За ўласныя сродкі пагранічнікі пабудавалі навес, пад якім праходзіць праверка дакументаў і агляд транспартных сродкаў. Прадугледзелі вартаўнікі мяжы і ахоўныя меры перасцярогі — усталявалі пераносны сродак прымусовага спынення транспартных сродкаў, на які атрымалі аўтарскае пасведчанне.
Адным словам, усё створана для зручнасці грамадзян, што перасякаюць дзяржаўную мяжу, і для саміх служачых.
Да таго ж абноўлены пункт пропуску стаў гэткім сучасным аазісам для аддаленага пасёлка, што пацвердзілі і вынікі анкетавання, якое праводзілася сярод прымежнага насельніцтва.
Яшчэ не менш важнай каштоўнасцю гэтага праекта з’яўляецца магчымасць у далейшым скараціць даўжыню чэргаў на міжнародных пунктах перасячэння мяжы Сілінэ — Урбаны і Патэрніекі — Грыгароўшчына.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.