Маладое папаўненне

Главное

Сёлета ў наш раён прыйшлі 126 маладых спецыялістаў. Учарашнія студэнты ўступілі ў дарослае жыццё, сталі дыпламаванымі спецыялістамі, якія могуць рэалізаваць на Браслаўскай зямлі свае веды, ідэі і мары. На сваіх першых месцах яны працуюць яшчэ толькі пяць месяцаў, удасканальваючы атрыманыя навыкі ў розных сферах дзейнасці. Да іх мы звярнуліся з пытаннем, як яны ўладкаваліся на сваім першым месцы працы.

IMG_7206 (Small)Ганна Катушонак, намеснік дырэктара ДЮСШ.
— Маё жыццё цесна звязана са спортам, таму і прафесію выбрала адпаведную. Яшчэ ў школе актыўна ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах і абараняла гонар роднай Ахрэмаўскай школы. Пасля 8 класаў я трапіла ў Наваполацкае вучылішча алімпійскага рэзерву, а пазней стала студэнткай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “фізічная культура”. Калі па размеркаванні прапанавалі вярнуцца на Браслаўшчыну, з задавальненнем згадзілася. Маім першым месцам працы павінна была стаць школа, але пазней прапанавалі заняць пасаду намесніка дырэктара ДЮСШ. Пачынаць дзейнасць было складана, асабліва пужала праца з дакументацыяй, але хутка ўнікла ў справы. У многім мне дапамог дырэктар ДЮСШ і ўвогуле калектыў. У мае абавязкі ўваходзіць праца з трэнерамі, дзецьмі, выяўленне спартыўнага патэнцыялу школьнікаў, індывідуальныя гутаркі з імі і іншае, была начальнікам аздараўленчага лагера пры спартшколе. Акрамя ДЮСШ, працую таксама трэнерам у Ахрэмаўскай школе. У сваёй прафесіі я не расчаравалася, чым больш працую, тым больш падабаецца. Спадзяюся, так будзе і далей.
I1fOPINOCaIВалянціна Савіцкая, выкладчык біялогіі і хіміі Відзаўскага ДПТК.
— З прафесіяй у мяне ўсё вызначылася даўно і неяк само сабой: любімымі прадметамі яшчэ ў школе былі біялогія і хімія, па іх і рыхтавалася да ўступных экзаменаў. Спачатку думала паступаць у медуніверсітэт, а пазней вырашыла стаць настаўніцай. Да таго ж знаёмая ўжо вучылася ў Віцебскім педагагічным універсітэце, і я з захапленнем слухала яе расказы пра вучобу, педагогаў. Калі стала студэнткай, зразумела, што быць настаўніцай — гэта маё. Актыўна займалася вучобай, была членам навуковага гуртка, а свае даследаванні пісала пра Браслаўшчыну, бо родам адсюль, таму пазней і размеркавалася ў наш раён. Спачатку хвалявалася, бо ў каледжы свая спецыфіка працы, не такая як у школе. За гэты час ужо прывыкла, ёсць узаемаразуменне з навучэнцамі. Асобна хачу сказаць пра мой калектыў, які сустрэў прыязна. Калі што не ведаю, магу звярнуцца да кожнага выкладчыка, і яны дапамогуць. А яшчэ я курырую групу 3-курснікаў, у якой адны хлопцы. Адносіны з групай удалося наладзіць хутка, зараз разам актыўна ўдзельнічаем у жыцці каледжа, рыхтуем мерапрыемствы. Таксама з’яўляюся сакратаром пярвічкі БРСМ каледжа, вяду гурток “Пакаленне NEXT”. Мне ўсё спадабаецца, спадзяюся, буду гаварыць так і праз два гады.
IMG_7211Вераніка Крот, педагог па класе фартэпіяна музычнай школы.
— У музычнай школе мяне, маладога спецыяліста, прынялі з задавальненнем. Тут я вучылася яшчэ калі была школьніцай. Потым скончыла Наваполацкі музычны каледж і вярнулася ў родную музычную школу. Да таго ж так бліжэй да дому, бацькі мае жывуць у агр. Слабодка. У жніўні на працу ішла ўпэўнена, ведала, што мяне чакаюць. Педагогі ўсе тут знаёмыя, гатовыя дапамагчы словам і справай. За мной замацавалі вопытнага кіраўніка, загадчыцу інструментальнага аддзялення Наталлю Пілат. Калі я што не ведаю, звяртаюся ў першую чаргу да яе. Не ўзнікла ў мяне пытанняў і з жыллём, бо дапамагла музычная школа. Прафесія мне падабаецца. Яшчэ ў школе я актыўна займалася музыкай, выступала, таму і выбар быў не выпадковым. Удалося хутка знайсці агульную мову і з дзецьмі, а ў мяне вучні ва ўзросце ад 7 да 14 галоў. Хоць яны розныя і да кожнага патрэбны свой падыход, пакуль усё атрымліваеца. Вось зараз рыхтую свайго вучня на конкурс. А ўвогуле як педагогу вельмі прыемна, калі за сваю работу чуеш ад дзіцяці дзякуй.