Канікулы з карысцю

Главное

Навагоднія святы — казачная пара. З нецярпеннем чакаюць яе дзеці, бо гэта не толькі час цудаў і падарункаў, але і зімовыя канікулы. Сёлета яны працягнуцца 15 дзён, школьнікі будуць адпачываць з 28-га снежня па 11-га студзеня. І як заўсёды, зрабіць вольны час цікавым і карысным гатовы ўсе ўстановы адукацыі, цэнтр дзяцей і моладзі, бібліятэкі і ўстановы культуры раёна.
Як паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Антаніна Абалевіч, у рамках рэспубліканскай праграмы “Нашы дзеці”, якая праходзіць у краіне з 12 снежня па 11 студзеня, асабліва клапаціцца будуць пра сірот, дзяцей-інвалідаў, са шматдзетных, апякунскіх і прыёмных сем’яў. Для 110 такіх дзяцей 30 снежня будзе арганізаваны дабрачынны ранішнік з удзелам кіраўніцтва нашага раёна. Трое вучняў атрымалі магчымасць трапіць на елку з удзелам Прэзідэнта краіны. Яшчэ 25 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія праявілі сябе ў навуковым, спартыўным і культурным жыцці школ, адправіліся на г елку ў Віцебск.
Для ўсіх школьнікаў кожная ўстанова распрацавала свой план арганізацыі вольнага часу на зімовых канікулах. Тут пройдуць навагоднія вечары, ранішнікі, дыскатэкі, і арганізатары абяцаюць усім падарыць добры настрой і хвіліны радасці. А спонсары і шэфы падрыхтавалі для школьнікаў падарункі і сюрпрызы. Таксама на зімовых канікулах адбудзецца шмат спартыўных мерапрыемстваў, экскурсій, будуць працаваць гурткі і аб’яднанні. Усё гэта для таго, каб дзеці не марнавалі час дома, а актыўна бавілі час. Акрамя гэтага, 220 дзяцей адпачнуць у 9 аздараўленчых лагерах, што будуць працаваць на базах школ раёна.
Пад дэвізам “З намі весялей” пройдуць канікулы ў цэнтры дзяцей і моладзі. Тут чакаюць школьнікаў кожны дзень з 8.00 да 20.00, акрамя выхадных і святочных дзён. Мерапрыемствы арганізаваны такім чынам, каб яны не паўтараліся з тымі, якія праходзяць у школах. Дзяцей, якія зазірнуць на канікулах у ЦДМ, чакаюць калядныя сустрэчы, дзе вучні, педагогі і нават тыя, хто ўжо скончыў школу, будуць дэманстраваць свае дасягненні. А таксама адбудуцца дыскатэкі, навагоднія праграмы, пазнавальныя мерапрыемствы, конкурсы і іншае. Працягваюць працаваць выстаўкі “Калядныя ўзоры” і “Зберажом зялёную елку”. Будуць дзейнічаць відэасалон, камп’ютарны і гульнявы клубы. Як заўсёды на канікулах, адчынены дзверы аб’яднанняў па інтарэсах і гурткоў, у тым ліку і ў школах раёна, а апантаныя турысты адправяцца ў зімовыя паходы. А яшчэ па заяўках бацькоў Дзед Мароз і Снягурачка з 26 снежня могуць завітаць да кожнага дзіцяці дадому.
Запрашаюць да сябе ў госці і бібліятэкі раёна. У іх таксама будзе ладзіцца шмат мерапрыемстваў для школьнікаў. Цікавую праграму падрыхтавалі і работнікі дзіцячай бібліятэкі. З 26 снежня па 9 студзеня дзеці могуць завітаць на кніжную выстаўку “Новы год — час чараўніцтва”, конкурс дзіцячага малюнка, віртуальна павандраваць па рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза, паспрабаваць свае сілы ў брэйн-рынгу, міні-віктарыне “Зімовыя загадкі Дзядулі Мароза” і забаўляльным часе “У госці прыйшла драўляная каза”, пазнаёміцца з навінкамі дзіцячай літаратуры, а таксама прыняць удзел у пазнавальным часе, конкурсе вершаў і проста паглядзець мультфільмы.
З нецярпеннем чакаюць дзяцей на навагоднія мерапрыемствы і абяцаюць падарыць шмат уражанняў клубныя ўстановы раёна. Адным словам, добры настрой, цікавае і карыснае баўленне часу абяцаюць усім школьнікам.