Служба, запатрабаваная ўсімі

Главное

IMG_6866 (Small)Сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень утварэння службы — супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Браслаўскага РАУС. У структуры міліцыі гэта, бадай, адзінае падраздзяленне, у якое рана ці позна з пытаннямі ад афармлення пашпартоў да выязду за мяжу звяртаўся кожны грамадзянін.
Калі зазірнуць у гісторыю, то сваю дзейнасць гэта служба пачала ў 60-х гадах мінулага стагоддзя і першапачаткова называлася пашпартны стол. З таго часу яна прайшла вялікі шлях рэарганізацыі і перайменавання ў візавую, потым у пашпартна-візавую службу. Апошняе пераўтварэнне адбылося ў 2004 годзе, калі ў МУС быў створаны Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі з адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі ў кожным раённым аддзеле ўнутраных спраў.
— Калі гаварыць пра сучаснасць, то сёння на нашу службу ўскладзены шэраг задач, мы здзяйсняем каля 50 адміністрацыйных працэдур. Аддзяленне з’яўляецца, бадай, самай наведваемай службай не толькі ў РАУС, але і раёне, — з гэтых слоў пачалася гутарка з начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Юліяй Крупенька. — Чалавек прыходзіць да нас, каб вырашыць пэўныя праблемы і атрымаць канкрэтны вынік, а мы ў сваю чаргу павінны дапамагчы і не выйсці за рамкі прававога поля.
Сапраўды, абавязкаў у службы па грамадзянстве і міграцыі шмат, сістэматызаваць якія можна па двух асноўных накірунках. Гэта пашпартная работа, якая ўключае рэгістрацыю грамадзян па месцажыхарстве, абмен і выдачу пашпартоў, у тым ліку для пастаяннага пражывання за мяжой, а таксама рашэнне іншых пытанняў, звязаных з грамадзянствам Рэспублікі Беларусь. Другі напрамак — работа з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, а таксама рэгістрацыя замежных жыхароў, выдача віз, запрашэнняў. Супрацоўнікі аддзяляння заўсёды ветліва сустрэнуць, выслухаюць, растлумачаць умовы выезду ў краіны замежжа, раскажуць замежным гасцям пра правілы знаходжання ў Беларусі.
— Акрамя гэтага, аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі кантралюе знаходжанне, часовае і пастаяннае пражыванне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў раёне, — працягвае Ю. Крупенька. — Таксама сочым за выкананнем заканадаўства аб знешняй працоўнай міграцыі, ладзім мерапрыемствы па выяўленні асоб, якія незаконна працаўладкоўваюць браслаўчан за мяжой, сумесна з іншымі службамі выязджаем у рэйды па выяўленні парушэнняў міграцыйнага заканадаўства замежнымі грамадзянамі.
Што датычыцца лічбаў, то большасць зваротаў у аддзяленне звязана з выдачай пашпартоў (з пачатку года — 2600). Таксама за 2014 год на тэрыторыі раёна зарэгістраваны па часовым знаходжанні 440 замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, каля 300 аформілі часовае пражыванне, 132 чалавекі атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў нашай краіне.
Нараканняў на работу аддзялення няма ні з боку кіраўніцтва, ні ад насельніцтва. У многім гэта дзякуючы ўмеламу падбору кадраў. Абавязкаў у службы хапае, і яны ўскладзены на плечы пяці спецыялістаў. Так, пасаду начальніка аддзялення Юлія Крупенька займае толькі год, але за гэты час зарэкамендавала сябе добрым спецыялістам і даказала, што можа выдатна спраўляецца з абавязкамі кіраўніка. Знаходзіць яна агульную мову і з інспектарамі Таццянай Казлоўскай і Анжалікай Шульёй. Дзяўчаты нядаўна прыйшлі ў РАУС, але актыўна, з маладым запалам уключыліся ў работу. У кожнай з іх свае абавязкі, якія інспектары выконваюць бездакорна. З ліку грамадзянскага персаналу ў аддзяленні працуюць вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Павел Шакель і старшы пашпартыст Галіна Маткоўская. Галіна Міхайлаўна — адзін з самых вопытных спецыялістаў службы, больш за 20 гадоў працуе старшым пашпартыстам, не раз была адзначана ўзнагародамі за сваю работу.
Увогуле ж на рахунку аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС і яго спецыялістаў шмат падзяк і грамат за прафесіяналізм і добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў.
З кожным годам пытанні грамадзянства становяцца ўсе больш актуальнымі, міграцыйныя працэсы, нават у такіх невялікіх раёнах, як Браслаўскі, не заканчваюцца: адны вяртаюцца на радзіму, да месца свайго нараджэння, а другія з’яжджаюць у іншую краіну. І супрацоўнікі АГІМ гатовы адказаць на ўсе пытанні грамадзян, аказаць ім дапамогу ў межах сваёй кампетэнцыі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.
На здымку: Ю. Крупенька і А. Шулья за работай.