Падатлівыя пруцікі Валерыя Давыдава

Люди

IMG_4712 (Small)Напэўна, мала хто звяртае ўвагу на шчыльныя зараснікі ўздоўж дарог ды па берагах рэк і азёр. Яны вабяць толькі майстроў пляцення з лазы. Але, як адзначыў браслаўскі майстар лозапляцення Валерый Давыдаў, далёка не ўсякія лазовыя пруцікі прыгодныя для працы.
Пра тое, што ў сям’і Давыдавых ёсць умельцы лозапляцення, можна здагадацца адразу, як толькі пераступіш парог іх кватэры. Утульнасць унутранай абстаноўцы ў першую чаргу надаюць разнастайныя плеценыя вазачкі, хлебніцы, кошыкі, куфры.
Лозапляценнем, як прызнаецца сам Валерый Уладзіміравіч, ён займаецца каля пяці гадоў.
— Ужо перад выхадам на пенсію, — кажа В Давыдаў, — стаў задумвацца пра будучы занятак.
А выпадковае знаёмства з майстрам прыкладнога мастацтва з Латвіі Верай Маліня падштурхнула былога кіраўніка мясцовага аддзялення Белаграпрамбанка аддаць перавагу лозапляценню. Яна ж стала і першым настаўнікам пачынаючага майстра.
Лозапляценне — адно са старажытных рамёстваў, якое ўзнікла нават раней, чым дрэва- і металаапрацоўка. Дарэчы, адзінае, якое дайшло да нашых дзён амаль што ў сваім першародным выглядзе. Праўда, сёння майстроў гэтага рамяства можна пералічыць па пальцах, бо тэхналогія апрацоўкі лазы не такая і простая, як можа здацца звычайным людзям.
Адразу трэба адзначыць і той факт, што на Браслаўшчыне амаль няма патрэбнай для пляцення лазы. Таму Валерый Уладзіміравіч разам са сваімі памочнікамі — жонкай Надзеяй Грыгор’еўнай і дачкой Ларысай — раней выязджалі ў Верхнядзвінск, дзе па берагах Заходняй Дзвіны наразалі лазовыя пруцікі.
Пазней майстар пасадзіў гэтае непатрабавальнае кустоўе ў сябе на дачы, каб патрэбны матэрыял быў заўсёды пад рукой.
— Галоўная роля ў стварэнні якаснага вырабу, — кажа В. Давыдаў, — належыць працэсу нарыхтоўкі сыравіны. Перш чым яго пачаць, патрэбна праверыць пруцікі на ломкасць і гнуткасць. Нарыхтоўваць лазу можна круглы год, але ж лепей гэта рабіць вясной і восенню. Пасля лаза павінна прайсці праз шматлікія тэхналагічныя працэсы — вымочванне, выпарванне, ашкурванне.
Для прыгатавання сыравіны Валерый Уладзіміравіч усе прылады і інструменты зрабіў уласнымі рукамі. Так, на дачы ён устанавіў спецыяльны доўгі кацёл, звараны з двух газавых балонаў — у ім “варацца” пруты. Дарэчы, падчас варкі яны мяняюць свой колер ад жоўтага да цёмна-чырвонага. А майстэрню абсталяваў у падвале свайго дома. Менавіта тут майстар з дапамогай самаробных прылад з падрыхтаваных пруцікаў робіць лазовыя стужкі.
І толькі потым, калі сыравіна гатова для пляцення, у руках умельца яна ператвараецца ў прыгожыя, зграбныя рэчы.
Хочацца адзначыць, што лозапляценне — занятак, падуладны толькі людзям цярплівым і ўседлівым. Менавіта гэтымі якасцямі і валодае браслаўскі майстар, пра што сведчаць яго вырабы: усе яны выкананы акуратна і прафесійна, складаныя вузялкі ствараюць роўныя радочкі. Да таго В. Давыдаў выкарыстоўвае спалучэнне белых і таніраваных пруцікаў, ад чаго ўзор вырабаў становіцца больш мудрагелістым і арыгінальным.
Да кожнай сплеценай рэчы так і хочацца датыкнуцца, патрымаць яе у руках, каб адчуць жыватворную моц самой прыроды.
Не горш за бацьку надае новае жыццё гэтаму старажытнаму рамяству і дачка Ларыса. Яе вырабы таксама прыгожыя і “жывыя”, бо выкананы з любоўю.
Нязменным памочнікам для творчага тандэма з’яўляецца жонка і маці Надзея Грыгор’еўна. А яшчэ, як сама прызналася з усмешкай, кладаўшчыца і рэалізатар гатовых вырабаў, якія карыстаюцца попытам, асабліва ў турыстаў.
У кастрычніку майстар В. Давыдаў атрымаў дыплом на абласной выставе-конкурсе лозапляцення “Лазовы кош-2014” у намінацыі “Сучасныя формы і тэхналогіі”.
Умелец народнага рамяства не спыніўся на штампоўцы аднастайных рэчаў. Заўсёды ён у пошуку новага дызайну, ліній, нестандартнай набіўкі ўзору.
Хочацца пажадаць Валерыю Уладзіміравічу лёгкага выгібу ў яго мудрагелістым пляценні.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.