Адкрый у сабе мастака

Главное

100_7163 (Small)Імкненне людзей да прыгожага праяўляецца па-рознаму. Адны калекцыяніруюць прадметы мастацтва, другія любуюцца імі ў музеях, а трэція самі ствараюць шэдэўры, выказваючы праз іх пачуцці і эмоцыі, якія немагчыма перадаць словамі. Вось і мастакі чароўнымі фарбамі ствараюць на палотнах сваё бачанне свету. І ім, безумоўна, прыемна мець такі дзень, калі можна пачуць у свой адрас віншаванні і словы ўдзячнасці ад прыхільнікаў іх творчасці. Праўда, мастацтва — з’ява шматгранная, з ім звязана безліч падзей, таму многія краіны і нават рэгіёны адзначаюць Дзень мастака ў розны час. Але ўжо некалькі гадоў запар многія суполкі па прапанове Міжнароднай асацыяцыі “Мастацтва народаў свету” святкуюць гэты дзень восьмага снежня.
Рэмбрант, Далі, Айвазоўскі, Малевіч, Пікасо, Шагал… Здаецца, іх мастацтва такое недасягальнае. Але разумееш, што гэта не зусім так, наведаўшы заняткі юных браслаўскіх мастакоў у цэнтры дзяцей і моладзі. Вядзе іх Галіна Ставіцкая. Гэты вопытны педагог, што працуе ў ЦДМ з 2001 года, на аснове ўласнага аўтарскага праекта “Адкрый у сабе мастака” распрацавала разгалінаваную сістэму мастацкай адукацыі. Яна ўключае цэлую серыю гурткоў: “Вясёлка”, “Ізастудыя”, “Глінка”, “Фларыстыка”, “Каларыт”. Іх наведваюць навучэнцы з 5 — 6 гадоў да 17. Розныя прычыны прыводзяць дзяцей на заняткі. Хтосьці займаецца мэтанакіравана, рыхтуючыся да паступлення на адпаведныя спецыяльнасці, іншыя прыходзяць дзеля цікавасці, а нехта ўвогуле за кампанію. Групы дастаткова вялікія — каля 15 чалавек, часам не ўсім ёсць куды сесці. Ужо нават былыя выпускнікі прыводзяць сваіх дзяцей у гурткі. Дарэчы, як кажа педагог, запісвацца лепш у канцы жніўня, бо потым жадаючым можа не хапіць месца — настолькі запатрабаваныя заняткі. Гэта не дзіўна, бо ў школах прадметы эстэтычнага цыкла абмежаваныя, і ўстанова дадатковай адукацыі кампенсуе гэты недахоп.
Мастацкая творчасць дае магчымасць дзецям развіваць эстэтычны густ, перадаваць уражанні фарбамі ці іншымі матэрыяламі. Работы навучэнцаў уражваюць вобразнасцю, непасрэднасцю, эмацыянальнасцю, адметнасцю. Агульнае ў іх — высокі мастацкі ўзровень выканання. На занятках дзеці авалодваюць асновамі мастацкай граматы, тэхнічнымі навыкамі і прыёмамі выяўленчага мастацтва. У кожнага, па словах Галіны Ставіцкай, ёсць вялікія творчыя магчымасці для самарэалізацыі. Дзеці прымаюць удзел у выставах рознага ўзроўню — школьных, раённых, абласных, рэспубліканскіх, дзе дабіваюцца поспехаў. А ў якасці заахвочвання на канікулах удзельнічаюць у пленэры “Браслаўская вясёлка”.
— Гарадок наш маленькі, а вынікі салідныя, — кажа Галіна Ставіцкая. — Акрамя перамог на абласных і рэспубліканскіх этапах конкурсаў, кожны год хто-небудзь з нашых выпускнікоў паступае ва ўніверсітэты і каледжы на спецыяльнасці мастацкай накіраванасці. Прычым на бюджэтнае аддзяленне, а экзамен па творчасці не так проста здаць. Больш за тое, яны паспяхова ўдзельнічаюць у студэнцкіх конкурсах: на іх рахунку перамога ў гарадскім конкурсе малых архітэктурных форм у Полацку, другое месца ў тэатралізаваным паказе мод “Фрык-шоу” ў Віцебску. Мастакам, як бачна, ёсць дзе разгарнуцца, ёсць куды прыкласці намаганні.
Так, для некага з навучэнцаў заняткі мастацкай творчасцю застануцца на ўзроўні захаплення, а для кагосьці стануць асновай будучай прафесіі. І, магчыма, са сцен ЦДМ пойдуць у свет новыя сусветна вядомыя мастакі. Няхай спадарожнічаюць ім творчыя поспехі і натхненне.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.
Заняткі ў юных мастакоў вядзе Галіна Ставіцкая.

“Кожнае дзіця — мастак, цяжкасць у тым, каб застацца мастаком, калі выйшаў з дзіцячага ўзросту”. Пабла Пікасо.