Падарылі часцінку сваёй дабрыні

Главное

IMG_4568 (Small)Штогод у межах акцыі, прысвечанай Дню інвалідаў, праводзяцца на Браслаўшчыне разнастайныя сустрэчы і дабрачынныя канцэрты для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтыя мерапрыемствы яшчэ раз нагадваюць, што побач з намі жывуць людзі, якім патрэбна не толькі дапамога і спачуванне, але перш за ўсё — роўныя магчымасці для ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Цікава і карысна прайшла размова з урачом па лячэбнай фізкультуры ЦРБ Аксанай Радзько з наведвальнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яна прадэманстравала асноўныя віды фізічных практыкаванняў для інвалідаў, пры гэтым нагадала не злоўжываць нагрузкамі, папярэдзіла пра супрацьпаказанні, адказала на пытанні.
Але, напэўна, нішто не прыносіць столькі радасці і ўсмешак, як шчырыя песні і вясёлыя конкурсы. Таму сагрэць сэрцы і запаліць вясёлыя агеньчыкі ў вачах падапечных аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў 3 снежня завіталі да іх са святочнай праграмай супрацоўнікі РДК і вакальная група “Браслаўскія весялухі”.
Гумар, смех, радасны настрой віталі ў памяшканні падчас музычнага мерапрыемства, а дзякуючы спонсарскай дапамозе старшыні раённай арганізацыі “Белая Русь” Яраслава Сапеля, генеральнага дырэктара ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат” Валерыя Дулінскага, старшыні раённай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў” Іны Туравец, дырэктара ПВГУП “Альбус” Святланы Петрашкевіч, дырэктара ТАА “Вокны-Брас” Віктара Курца, саладосці, гарбата і напіткі на сталах стварылі дружную сямейную атмасферу, ды і ўручаныя прадуктовыя наборы парадавалі атрымацеляў.
Не абышлі ў гэтыя дні ўвагай і састарэлых, пражываючых у аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Барунах. Напярэдадні Дня інвалідаў падзяліцца радасным настроем туды завіталі вучні Плюскай сярэдняй школы.
У сам жа дзень бубуль і дзядуляў наведала вялікая і разнастайная дэлегацыя. Вясёлымі галасамі напоўнілі будынак вучні гімназіі і выхаванцы Друйскага дзіцячага дома, прыбылі супрацоўнікі і наведвальнікі ТЦСАН, прадстаўнікі савета ветэранаў, в.а. старшыні раённага аб’яднання Чырвонага Крыжа Генадзь Швец.
На імправізаванай сцэне гучалі жыццесцвярджальныя песні ў выкананні як гасцей, так і саміх інвалідаў і састарэлых, прыўзнялі ўсім настрой і іскрамётныя танцы гімназістаў.
Даспадобы прыйшоўся слухачам беларускі гумарыстычны верш на злабадзённую тэму п’янства ў выдатным артыстычным выкананні Г. Швяца.
Адышоў чарговы міжнародны Дзень інвалідаў, але галоўнае, каб увага да гэтых людзей не аслаблялася і на працягу ўсяго года. Мы заўсёды павінны памятаць пра людзей з цяжкім лёсам, але моцных духам, разумеючых, кошт жыцця, якім бы яно ні было.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

На фота спявае Вадзім Пахомаў.IMG_4596 (Small)