Людзі з неабмежаванымі магчымасцямі

Главное

IMG_4566 (Small)Штогод 3 снежня ва ўсім свеце адзначаюць Дзень інвалідаў — міжнароднае мерапрыемства, якое накіравана на ахову годнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Арганізатары жадалі шырэй тлумачыць усім недахоп увагі да інвалідаў. І з цягам часу гэтая катэгорыя грамадзян стала прымаць больш актыўны ўдзел у сацыяльным, культурным, эканамічным і нават палітычным жыцці сваіх краін.
Праблемы людзей-інвалідаў стаяць на адным з першых месц і ў нашай рэспубліцы. Каб яны мелі разнастайнага роду гарантыі, у Канстытуцыі і розных заканадаўчых дакументах дакладна прапісаны ўсе правы, абавязкі і дзяржаўныя льготы.
На працягу мінулага тыдня сацыяльныя службы, вучні школ праводзілі шэраг разнастайных мерапрыемстваў і дабрачынных акцый. Не засталіся па-за ўвагай людзі з абмежаванымі магчымасцямі і ў нашым раёне.
Напярэдадні міжнароднага Дня інвалідаў у аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў і суправаждаемага пражывання за круглым сталом сабраліся прадстаўнікі зацікаўленых службаў раёна і самі наведвальнікі тэрытарыяльнага цэнтра.
На правах гаспадыні ўсіх удзельнікаў мерапрыемства павітала загадчыца аддзялення Ірына Максімовіч. Яна адзначыла, што чалавек, які трапіў у бяду, не застанецца сам-насам са сваім горам, а заўсёды знойдзе падтрымку і атрымае дапамогу ў адпаведных службах.
Загадчык аддзела па санаторна-курортным лячэнні райвыканкама Іна Каржэнка паведаміла, якія катэгорыі інвалідаў маюць права бясплатна паехаць у санаторый, колькі прыкладна каштуе пуцёўка, якія дакументы трэба падаць, каб адправіцца на лячэнне.
Супрацоўнік Белдзяржстраху пазнаёміла прысутных з асноўнымі відамі страхавання. Дарэчы, з’явіўся яшчэ адзін — страхаванне на выпадак экстраннай хірургічнай аперацыі.
Пра прызначэнне дзяржаўных сацыяльных дапамог — адраснай аднаразовай і штомесячнай, забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі вяла размову загадчык аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Анастасія Салачонак.
Шмат цёплых слоў падтрымкі выказалі інвалідам старшыня савета ветэранаў Іван Цялежнікаў, урач-валеолаг ЦРБ Генадзь Швец, псіхолаг ТЦСАН Вольга Леўша, сястра эўхарыстка Ірына Папакуль.
У сваёй прамове Г. Швец, у прыватнасці, нагадаў прысутным пра мужнасць, сілу волі і цягу да жыцця лётчыка Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Марэсьева, з якога трэба браць прыклад.
Ад сябе хочацца яшчэ дадаць, што самым старажытным паэтам быў сляпы Гамэр, адным з лепшых кампазітараў глухі Бетховен, лепшым амерыканскім прэзідэнтам калясачнік Ф. Рузвельт. Таму інвалідаў толькі называюць “людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі”, а на самай справе ў іх магчымасці неабмежаваныя.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.