Пошта – у кожны дом

Люди

IMG_6141 (Small)Работа ў паштальёна складаная, і яе заўсёды шмат. Свежая прэса, пісьмы, паштоўкі, пенсіі на дом, спажывецкія тавары… Усё павінна быць дастаўлена адрасату ў тэрмін. Але для паспяховасці і гэтага можа быць недастаткова. Важную ролю адыграюць такія важныя чалавечыя якасці, як камунікабельнасць, паразуменне, шчырасць, добры настрой.
Такія простыя, але важныя сакрэты прафесійнага майстэрства ў паштальёна Відзаўскага аддзялення Іны Сташкель заўсёды, як кажуць, на вачах ва ўсіх. У любое надвор’е, пару года яна вось ужо сямнаццаць гадоў прыносіць у дамы свежую пошту.
Паштальёна добра ведаюць жыхары Відзы-Лаўчынскіх, Новай Вёскі, Ліпалатаў. Менавіта гэту тэрыторыю і яшчэ шмат невялічкіх навакольных вёсачак абслугоўвае Іна Сташкель. Усяго ў яе зоне каля 270 двароў. Паштальёна заўсёды чакаюць з нецярпеннем: да жанчыны часта звяртаюцца не толькі па службовых пытаннях, але і па-сяброўску дзеляцца апошнімі навінамі. Асабліва гэта датычыцца адзінокіх пажылых людзей. Іна ніколі не абміне ўвагай свайго кліента, знойдзе хвіліну, каб яго выслухаць, пагутарыць.
— Іна Іванаўна сапраўды ўмее выслухаць і з лёгкасцю знаходзіць агульную мову з кожным, — характарызуе калегу начальнік Відзаўскага аддзялення паштовай сувязі Таццяна Жарнасекава. — Адказная, працавітая, кампетэнтная… Менавіта такімі прафесійнымі якасцямі, якія ёсць у нашай Іны, павінен валодаць паштальён.
За гады працы пройдзена не адна сотня кіламетраў па родных мясцінах. Толькі за дзень Іне даводзіцца адольваць каля трыццаці кіламетраў. Летам пераадольвае гэту адлегласць на веласіпедзе, а зімой — на кані.
— Люблю сваю прафесію за тое, што даводзіцца працаваць з людзьмі, — дзеліцца Іна Сташкель. — Складана было, калі я толькі пачынала працаваць, яшчэ добра не ведала людзей, якіх абслугоўваю. Вопыт ладзіць з людзьмі прыйшлі з гадамі. Цяпер з кожным са сваіх кліентаў я магу знайсці агульную мову.
Вяскоўцы любяць чытаць, а жанчыне-паштальёну прыемна прыносіць новыя весткі ў хаты. У перадсвяточныя дні сумка паштальёна звычайна становіцца цяжэйшай. Хоць цяпер усё больш сталі віншавацца эсэмэскамі, святочныя паштоўкі ўсё ж ідуць адрасатам.
Уважлівасці і сканцэнтраванасці патрабуе працэс падпіскі, продаж тавараў і прадукцыі (яе за месяц І. Сташкель рэалізуе на 7-8 млн. рублёў), вынослівасці і сілы – кіпы газет і нешматлікасць адрасатаў, якіх трэба абысці за дзень. Паштовая сумка, вага якой часам дасягае дваццаці кілаграмаў, не проста нялёгкая ноша. Магчыма, асаблівая ўраўнаважанасць, удумлівасць у працы, шчырасць і ўважлівасць да людзей дапамаглі І. Сташкель стаць майстрам сваёй справы. Яе паважаюць і цэняць калегі, чакаюць і шануюць падпісчыкі. Адданасць прафесіі адзначана і кіраўніцтвам. Нядаўна, на сусветны дзень пошты, жанчына за сваю добрасумленную працу атрымала ад раённага вузла паштовай сувязі грамату.
А вось вольны час, якога не так ужо і шмат, Іна аддае сям’і. Новы дзень паштальёна прыносіць новыя клопаты і новыя навіны, якіх так чакаюць яе адданыя падпісчыкі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.