Салют, піянерыя

Главное

IMG_3585 (Small)На мінулым тыдні ў будынку ЦДМ лепшыя піянеры Браслаўшчыны сабраліся на традыцыйны злёт піянерскіх дружын. Падчас пераклічкі ўсе пацвердзілі сваю гатоўнасць да ўдзелу ў злёце. Прагучаў дзяржаўны гімн, і актывісты вялікай піянерскай сям’і пачалі сваю працу.
У сваёй справаздачы старшыня раённага савета БРПА Алена Міхневіч адзначыла, што ў раёне створана 19 піянерскіх дружын, куды ўваходзяць 1140 піянераў і 592 акцябронкі. Іх намаганні накіраваны на развіццё асобы дзіцяці, раскрыццё яе творчага патэнцыялу, фарміраванне сацыяльнай актыўнасці і грамадзянскасці праз калектыўную грамадскую карысную дзейнасць.
На працягу года ў кожнай дружыне праходзілі шматлікія разнастайныя мерапрыемствы і акцыі. Піянеры Браслаўшчыны прымалі актыўны ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах, дзе паказалі добрыя вынікі. Так, агітбрыгады з Опсаўскай школы і гімназіі ўвайшлі ў пяцёрку лепшых у абласным этапе конкурсу “Запалі полымя дабрыні.” Сцэнарныя распрацоўкі “З памяццю ў сэрцы” піянераў Іказненскай і Урбанскай школ адзначаны дыпломамі І ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, а акцябраты СШ № 2 занялі першае месца ў абласным туры завочнай гульні “Тысяча і адно захапленне.”
Як заўсёды ў такі дзень, вялікая неўгамонная піянерская сям’я папоўніла свае рады. І ў дружным хоры галасоў прагучалі словы пра любоў да сваёй Радзімы, пра імкненне быць добрымі, чэснымі і справядлівымі, а праз хвіліну-другую на белых кашульках і чорных пінжачках з’явіліся чырвона-зялёныя гальштукі — сімвал патрыятызму, мары і надзеі. Права павязаць першы раз піянерскі гальштук было дадзена педагогам-арганізатарам раёна.
Са словамі віншавання да піянераў звярнулася галоўны спецыяліст райкама БРСМ Святлана Лапыр. Ад імя маладзёжнай арганізацыі яна павіншавала малодшых сяброў са святам і адзначыла, што члены БРПА і БРСМ разам могуць зрабіць шмат добрых і карысных спраў.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Антаніна Абалевіч уручыла лепшым педагогам-арганізатарам раёна Людміле Бяляўскай, Таццяне Стэфановіч, Іне Шавец і Марыне Станкевіч Ганаровыя граматы. Ініцыятыўныя, творчыя, яны заўсёды побач са школьнікамі ва ўсіх справах і пачынаннях.
Не засталіся па-за ўвагай і самыя актыўныя піянеры Браслаўшчыны. 18 дзяўчынак і хлопчыкаў з Опсы і гімназіі, якія неаднаразова і паспяхова абаранялі гонар раёна на абласной сцэне, з рук старшыні раённага савета БРПА А. Міхневіч атрымалі дыпломы.
Заўзятымі, бадзёрымі, іскрамётнымі, праніклівымі былі выступленні агітбрыгад Опсаўскай і Ахрэмаўскай школ, а таксама выхаванцаў ЦДМ.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_3593 (Small)