Усім сэрцам за вяскоўцаў

Люди

1Неяк раз давялося пачуць такі выраз: “Старэйшына на вёсцы, што гаспадар у хаце”. І сапраўды, клопатаў на такой адказнай пасадзе, як і ў любога добрага гаспадара, хапае. Трэба вяскоўцам дапамагчы ў вырашэнні пытанняў і праблем, наладзіць супрацоўніцтва з мясцовай уладай, а яшчэ быць ініцыятарам добрых спраў і пачынанняў. З усімі гэтымі абавязкамі выдатна спраўляецца старэйшына вёскі Пакульня Марыя Бурлакова (на здымку).

— Марыя Сямёнаўна — чалавек ініцыятыўны, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, неабыякавы да тых спраў, якія існуюць у вёсцы. Любое пытанне з ёй можна вырашыць, — так ахарактарызаваў жанчыну старшыня Відзаўскага сельсавета Сяргей Алёшын. — У сваім населеным пункце яна вельмі аўтарытэтны чалавек, таму падчас агульнага сходу вяскоўцы адразу прапанавалі яе на пасаду старэйшыны. І зараз, мяркуючы па водгуках, яны не памыліліся.

Пры бліжэйшым знаёмстве з М. Бурлаковай разумееш, што гэта чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Амаль усё жыццё і працоўная біяграфія жанчыны звязаны з Пакульняй, якая стала для яе родным месцам. Таму нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак Марыя Сямёнаўна не стала сядзець склаўшы рукі, а на клапатлівай пасадзе старэйшыны ўзялася за навядзенне парадку на вёсцы.

Родам жанчына з Мяжанскага сельсавета, пасля школы вучылася на прадаўца, а пазней па размеркаванні вярнулася ў родныя мясціны. Пэўны час працавала ў гарадскім рэстаране “Азёрны”, пакуль не сустрэла будучага мужа. І ўжо разам сям’я пераехала ў в. Пакульня. Па спецыяльнасці месца для жанчыны не знайшлося, і яна ўладкавалася ў калгас. Працы ніколі не баялася, таму згадзілася стаць загадчыцай фермы. Каля 30 гадоў адпрацавала на гэтай пасадзе, а потым яшчэ 5 гадоў — дыспетчарам. І сама Марыя Сямёнаўна, і яе калектыў не раз прызнаваліся лепшымі ў раёне і вобласці. А колькі розных дыпломаў, грамат і падзяк у яе скарбонцы, нават падлічыць складана.

Зараз грамадская дзейнасць займае ўвесь вольны час жанчыны. А старэйшынай вёскі яна з’яўляецца ўжо шосты год.

— Калі мы толькі пераехалі ў Пакульню, гэта быў буйны населены пункт, шмат было сацыяльных аб’ектаў. Зараз засталося толькі 25 дамоў і 50 чалавек, большасць з якіх пенсіянеры, а з аб’ектаў толькі магазін і ФАП, — дзеліцца Марыя Сямёнаўна. — Але ж колькі б жыхароў тут ні было, пытанняў хапае. Я з тых людзей, якія нераўнадушны да праблем вяскоўцаў, таму з энтузіязмам бяруся за любую справу. А яшчэ люблю чысціню, лічу, што дарогі і канавы павінны быць прыгожымі. Летам усёй вёскай абкошваем кожны куточак.

У вёсцы заўсёды знойдзецца, да чаго прыкласці руку, і Марыя Сямёнаўна, як сапраўдная гаспадыня, бачыць гэта адразу. Увогуле ж сваім вяскоўцам яна дапамагае ў вырашэнні розных пытанняў. То патрэбна дамовіцца, каб старым прывязлі дровы, то патэлефанаваць у ЖКГ, бо ўзніклі праблемы з водаканалам, то дарогі пачысціць зімой. Пад пільным кантролем у старэйшыны сталыя людзі, нядобранадзейныя сем’і, тыя, хто любіць выпіць. Намаганні старэйшыны не застаюцца незаўважанымі. Па выніках мінулага года яна была прызнана адной з лепшых старэйшын у раёне і заняла 3 месца, ганарацца ёй і вяскоўцы. Жанчына прызнаецца, што гэта стала яшчэ большым стымулам для дзейнасці.

— Працуем у цесным кантакце са старшынёй сельвыканкама, ніколі не адмаўляе ў дапамозе і дэпутат райсавета па гэтай акрузе Д. Ціваловіч, — расказвае Марыя Сямёнаўна. — Лічу, што, працуючы з людзьмі, трэба падштурхоўваць іх на добрыя справы, прывучаць да прыгажосці і парадку. Калі бачаць, што хтосьці стараецца на карысць вёскі, то і самі праяўляюць ініцыятыву. Бо ўсім прыемна жыць, калі вакол прыгажосць, чысціня і парадак.

У свае 65 гадоў Марыя Сямёнаўна з’яўляецца выдатным прыкладам для іншых. Яна выгадавала дваіх дзяцей, а зараз яе радуюць унукі і праўнукі. Без справы яна не любіць сядзець. У яе буйная гаспадарка, у якой карова, козы, свінні. Паспявае і каля дома навесці парадак, любіць, каб пад вокнамі буялі кветкі. А ў вольны час спяшаецца абысці вёсачку, сваім гаспадарлівым вокам заўважае, дзе і што яшчэ трэба зрабіць.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.