Па дапамогу да парламентарыя

Новости

На прыёме Людмила Дарафейчык (Small)Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мечыслаў Морхат у чарговы раз выслухаў жыхароў Браслаўшчыны па тэлефоне “прамой лініі” і прывёў прыём грамадзян у аўторак, 19 жніўня.
Першы званок паступіў ад пенсіянеркі Валянціна Варанецкай з вёскі Эйтмяны Відзаўскага сельсавета. Яна абурана выказвалася наконт увядзення транспартнага падатку і расказала парламентарыю пра нездавальняючы стан дарогі Відзы – Дрысвяты. Мечыслаў Віктаравіч патлумачыў жанчыне, чым выклікана ўвядзенне такога падатку і на якія мэты накіроўваюцца сабраныя грошы.
Закранула яна і такую хвалюючую для відзаўчан праблему, як немагчымасць у зручны час трапіць на прыём да зубнога ўрача. Справа ў тым, што ў Відзы ўрач такой спецыялізацыі прыязджае толькі па вызначаных днях. Дэпутат абяцаў вывучыць больш дасканала гэту праблему і даць кампетэнтны пісьмовы адказ.
Расказала Валянціна Казіміраўна і пра тое, што ў Відзаўскай бібліятэцы няма камп’ютара з выхадам у інтэрнэт для наведвальнікаў. Ён у асноўным прызначаны толькі для службовай работы бібліятэкараў. Іншы ж раз звярнуцца ў сацыяльныя сеткі ёсць жаданне і ў тых, хто не мае дома камп’ютара. Гэта пытанне Мечыслаў Морхат таксама ўзяў на кантроль.
І яшчэ адзін тэлефонны званок з Відзаў паступіў ад Інэсы Ганебнай. Яна ад жыхароў Відзаў прасіла дапамагчы пасадзейнічаць у рамонце мясцовай лазні. Там асыпаецца столь. І дайшло да таго, што ў больш-менш лепшым памяшканні ў адзін дзень там мыюцца жанчыны, а на наступны – мужчыны. А набліжаюцца халады. І няма ніякай гарантыі, што і гэта памяшканне не прыйдзе ў непрыгоднасць. Відзаўчане хвалююцца, каб ім, нарэшце, зусім не застацца без лазні.
Дарэчы, ужо не ў першы раз перад дэпутатам мясцовыя жыхары ўзнімаюць хвалюючае для іх пытанне наконт лазні. І на той раз Мечыслаў Морхат дапамог зняць яго з парадку дня. Запэўніў, што не пакіне сваіх выбаршчыкаў сам-насам з іх праблемай і цяпер.
Было яшчэ пытанне ад загадчыцы Слабодкаўскай бібліятэкі Марыі Васілеўскай. Яна цікавілася, ці не здарыцца так, што ў сувязі з тым, што інфармацыйную прастору ў апошні час ўсё больш і больш запаланяе інтэрнэт, перастануць выходзіць рэспубліканскія газеты. Парламентарый запэўніў, што пакуль такога не здарыцца, і вяскоўцы па-ранейшаму змогуць чытаць “Сельскую газету”, “Звязду”, “Рэспубліку” і іншыя выданні. Калі ж не змогуць выпісаць іх дамоў, то знойдуць у бібліятэцы.
А на асабісты прыём па папярэднім запісе першай прыйшла пенсіянерка Людміла Дарафейчык. Жанчына сама жыве ў Браславе, але ў Мядынках у яе засталася бацькоўская хата, а там, па яе прызнанні, пакуль дазваляе здароўе, садзіць невялічкі агародзік. Толькі вось дабірацца стала нязручна. Праўда, калі аднавілі аўтобусны маршрут Браслаў – Дамашы з заездам па нядзелях у Дукелі, стала лепш. Але ж Л. Дарафейчык ад імя вяскоўцаў прасіла дэпутата пасадзейнічаць, каб аўтобус заязджаў у іх вёску не па нядзелях, а па чацвяргах. Гэта пытанне было станоўча вырашана адразу ў прысутнасці дырэктара АТП №18 Мікалая Курца.
Цэлай дэлегацыяй завіталі на прыём жыхары інтэрната па вул. Кастрычніка, 19.
Іх вельмі хвалюе праблема адмовы ім у прыватызацыі кватэр, у якіх яны жывуць на працягу звыш 20 год. Тлумачэнні па неабгрунтаванасці такой просьбы, згодна з заканадаўствам нашай краіны, ім даваў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Давыдзенка, які дасканала загадзя вывучыў праблему. Праўда, было вырашана, што жыхары інтэрната яшчэ раз звернуцца да кіраўніцтва Віцебскмеліявадгаса, у чыім ведамстве знаходзіцца інтэрнат, з просьбай аб пераводзе яго з такога статусу ў жыллёвы фонд.

Зінаіды Палулех.
На здымку: на прыёме ў парламентарыя Людміла Дарафейчык.
Фота аўтара.