Юныя баяністы паказалі клас

Главное

IMG_2130 (Small)Абласны конкурс баяністаў сёлета праходзіў у Наваполацкім музычным каледжы — 51 удзельнік ва ўзросце 9-15 гадоў. Сярод іх былі і тры выхаванцы Браслаўскай школы мастацтваў – Дзяніс Ясіновіч, Аляксей Сяргун і Сцяпан Александровіч. Кожны выконваў абавязкова п’есу, а таксама інструментальную ці народную музыку. Журы высока ацаніла здольнасці нашых юных землякоў. Дзяніс на конкурсе заняў другое месца, а Сцяпан трэцяе. Як зазначыла выкладчык ДШМ Ірына Бялусь, такі поспех упершыню садзейнічаў браслаўскім юным баяністам, але яны ішлі да яго мэтанакіравана. Для гэтага прыкладвалі нямала старанняў, штодзённых намаганняў і прысвяцілі не адну гадзіну заняткаў.
Не абышлося, праўда, і без падтрымкі бацькоў. Як зазначыла пры сустрэчы мама Сцяпана Александровіча Святлана, яе абодва сыны-блізняты захапіліся ігрой на баяне практычна выпадкова. Зараз атрымліваецца, што адзін з іх больш здольны да гэтага, але ніякай рэўнасці да поспехаў брата ў Міхаіла няма. Ён нават туфлі яму начышчаў перад паездкай на конкурс. Дарэчы, Сцяпан мае намер паступіць у будучым у музычны каледж.
У сям’і Ясіновічаў таксама двое дзяцей і абодва вучацца ў дзіцячай школе мастацтваў. Іх бацька Андрэй прызнаўся, што ў дзяцінстве сам так і не закончыў музычную школу, хоць некалькі разоў спрабаваў, таму вельмі задаволены, што сын Дзяніс выступіў на абласным конкурсе паспяхова.
На думку бацькоў, з якімі давялося пагутарыць напярэдадні справаздачнага канцэрта баяністаў, заняткі ў ДШМ не даюць ім расслабляцца, а цяга да мастацтва робіць іх лепшымі і больш чулымі. Яны вучацца цаніць, адэкватна ацэньваць ігру адзін аднаго. Ніводнага з іх не назавеш гультаём, бо ў выхаванцаў школы не стае часу на бязмэтнае блуканне па вуліцы, бясконцае сядзенне за камп’ютарам. Яны са школьных гадоў прывучаны да працы і бачаць яе плады.
Дарослыя адзначалі таксама, што чым больш іх дзеці загружаны, тым больш яны паспяваюць. У іх і ў школах добрыя адзнакі. Не менш за сваіх равеснікаў бываюць яны і на спартыўных пляцоўках.
Мяне, шчыра кажучы, здзівіла, што з 12 юных баяністаў усяго толькі тры дзяўчынкі. Яшчэ гадоў пяць таму назад, па прызнанні Ірыны Бялусь, карціна была зусім іншай.
У дзіцячай школе мастацтваў заканчваецца чарговы навучальны год. На змену выпускнікам прыйдуць новыя выхаванцы. І няхай ім таксама спадарожнічае поспех у розных творчых конкурсах.

Зінаіда Палулех.
На здымку: удзельнікі абласнога конкурсу юных баяністаў (злева направа) Сцяпан Александровіч, Дзяніс Ясіновіч, Аляксей Сяргун.
Фота аўтара.