Выбралі лепшую шматдзетную сям’ю

Новости

IMG_1279-SmallБольш за 40 жанчын у нашым раёне атрымалі ордэн Маці, 11 маюць узнагароду Тусналобавай –Марчанкі, а ўсяго на Браслаўшчыне 229 шматдзетных сямей, дзе жывуць і выхоўваюцца трое і больш дзетак.
І чатыры такія сям’і прынялі ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе “На лепшую шматдзетную сям’ю”, які адбыўся ў РДК у мінулую пятніцу.
Вядучыя Алёна Шпак з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і яе дачка Ксенія па чарзе запрашалі на сцэну ўдзельнікаў. Лепшыя шматдзетныя сем’і прадстаўлялі Людміла і Мікалай Ядзяла з Ёдлавіч са сваімі чатырма дзеткамі, браслаўчане Ганна і Дзмітрый Фелькіны, дзе выхоўваюцца чатыры дачушкі, жыхары аграгарадка Опса Вікторыя і Дзмітрый Мельянцавы са сваімі сынамі і дачкой, Наталля і Уладзіслаў Алёхны з Відзаў. Ім трэба было разам з дзеткамі паказаць сваё ўменне і здольнасці ў трох конкурсах – візітнай картцы “Радавод”, выставе-прэзентацыі “Нашы ручкі залатыя” і сацыяльна-значным праекце “Мая краіна – мая сям’я”.
Трэба сказаць, што да ўсіх конкурсаў кожная сям’я падышла на поўным сур’ёзе і прадэманстравала тыя таленты, якімі больш ніхто не валодае. Так, напрыклад, Ядзялы здзівілі ўсіх вышыванкамі крыжыкам. Карціны ў іх атрымаліся проста цудоўнымі. Дарэчы, іх вышывае не толькі мама, але і дачушкі. Фелькіны ўразілі ўборамі, зробленымі з падручных матэрыялаў. Сукенка з туалетнай паперы нікога не пакінула раўнадушным. Мельянцавы валодаюць тэхнікай вырабу з паперы кошыкаў, іншых прадметаў дамашняга ўжытку. Алёхны ж адным са сваіх найбольшых захапленняў лічаць пчалаводства, і пірагом з мёдам частавалі гледачоў у зале.
Увогуле ж хочацца зазначыць, што ўсе чатыры сям’і былі артыстычнымі, арыгінальнымі і не падобнымі адна на адну. Усе яны з годнасцю прайшлі прапанаваныя арганізатарамі конкурсныя іспыты і падарылі шмат пазітыўных эмоцый гледачам, якіх сабралася поўная зала. Атрымалі сем’і і шмат падарункаў, якія падалі на іх, як зоркі з неба. Дырэктар філіяла ААТ “Глыбоцкі МКК” В. Далжэнка ўручыў усім жанчынам прасы, дырэктар магазіна “Еўраопт” С. Ракаў – наборы прадуктаў. Свяшчэннаслужыцелі ксёндз Антоній Земба і Ігар Чачуковіч – іконы.
Для ўручэння асноўных узнагарод у намінацыях “Нашы ручкі залатыя”, “Радавод”, Мая краіна – мая сям’я” на сцэну выйшла намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. Яна ўручыла карціны сем’ям Мельянцавых, Алёхна і Фелькіных. А ў пераможцах аказаліся на першым месцы Алёхны, на другім – Фелькіны, на трэцім – Ядзялы. Яны атрымалі не толькі падарункі ад райвыканкама, але і грашовыя сертыфікаты.
Святочны прыўзняты настрой падарылі гледачам не толькі сем’і-удзельніцы, але і самадзейныя артысты – танцоры “Такта”, а таксама вакалісты П. Шымко, В. Карповіч, У. Мацеша і М. Карач, А. Лаўрыновіч, ансамбль лыжкароў з Пагошчы.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.