Акрыленыя поспехам

Главное

У школе можна вучыцца па-рознаму. Нехта з нецярпеннем чакае апошняга званка, каб атрымаць атэстат ды пайсці ў самастойнае жыццё, іншыя старанна зубраць кожнае правіла, каб атрымаць добрую адзнаку. А трэція не толькі выдатна спраўляюцца са школьнай праграмай, але і выходзяць на новы, больш высокі ўзровень, кожны дзень і кожную гадзіну падымаючыся на новую прыступку ў захапляльным свеце ведаў.
Менавіта такія вучні — пераможцы раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд — становяцца гонарам не толькі сваёй школы, а і ўсяго раёна.
Сёлета тры навучэнцы ўстаноў адукацыі Браслаўшчыны сталі дыпламантамі заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах і парадавалі сваімі дасягненнямі бацькоў, настаўнікаў.
IMG_9478 (Small)Высокі ўзровень ведаў па беларускай мове і літаратуры паказаў вучань 9 класа Далёкаўскай школы Дзмітрый Пяткун, які атрымаў па гэтым прадмеце дыплом першай ступені. Вывучэннем роднай мовы хлопец цікавіцца даўно, нават у паўсядзённым жыцці аддае перавагу мілагучнай беларускай мове. Добрую падрыхтоўку ў інтэлектуальных спаборніцтвах яму забяспечыла здольны і творчы педагог Галіна Ларчанка.
Дзмітрый — сапраўдны аўтарытэт для сваіх сяброў і вучняў школы. Эрудзіраваны, абаяльны, ён з’яўляецца ўдзельнікам усіх школьных мерапрыемстваў, паспявае наведваць гурткі самадзейнай творчасці ў сельскім клубе. І не толькі філалагічныя дысцыпліны падуладны хлопцу, балы высокага ўзроўню ў яго па ўсіх школьных прадметах.
IMG_9515 (Small)Адной з прыхільніц і выдатных знаўцаў беларускай мовы з’яўляецца неаднаразовая пераможніца раённых, абласных алімпіяд вучаніца 11 класа гімназіі Вікторыя Верпечынскіс. У гэтым годзе па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды яна адзначана дыпломам ІІ ступені.
— Як толькі ўваходзіш у аўдыторыю, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Вікторыя, — хваляванні знікаюць самі па сабе і думаеш толькі пра заданні.
Безумоўна, дзяўчына шмат рыхтуецца і чытае, а яшчэ яна на кожную алімпіяду бярэ з сабой твор Алеся Разанава «Танец з вужакамі», які з’яўляецца для яе асаблівым абярэгам, і напярэдадні адказнага дня яна перачытвае радкі любімага апавядання.
IMG_9499 (Small)А вось для вучня 9 класа Дрысвяцкай школы Валянціна Любінскага любімы школьны прадмет — гісторыя. На рэспубліканскім этапе алімпіяды хлопец сапернічаў з дзесяцікласнікамі і ў выніку атрымаў дыплом ІІІ ступені. Па словах настаўніцы гісторыі Аліцыі Прахарэнкі, Валянцін цікавіцца сусветнымі ваеннымі канфліктамі, добра ведае карты розных краін і гістарычных перыядаў. Сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы, ужо сёння хлопец рыхтуе сябе для службы ў арміі, бо лічыць, што інтарэсы Беларусі павінны быць вышэй за асабістыя.
Перамога школьнікаў на алімпіядах — гэта яскравы паказчык работы цеснага супрацоўніцтва адораных вучняў і адданых сваёй справе педагогаў. Наперадзе ў іх новыя бітвы ў інтэлектуальных спаборніцтвах, новыя перамогі і, хочацца верыць, новыя вышыні. Так няхай ім заўсёды спадарожнічае ўдача і поспех.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.