Вандалізм на Замкавай гары

Главное

IMG_0998 (Small)Вясна ўступае ў свае правы. Прыйдуць выхадныя, і гараджане пацягнуцца на ўлонне прыроды да сваіх любімых месц адпачынку, у ліку якіх не апошняе месца займае і Замкавая гара. Але, думаю, ва усіх, хто наведваецца туды, застанецца горыч ад убачанага.
За зімовыя месяцы вандалы, а інакш іх і нельга назваць, пашкодзілі літаральна ўсе альтанкі (адна з іх на здымку). У трох паламаны поручні, у дзвюх узнята падлога, у адной зламаны стол. І калі за зламаныя поручні і стол адказнасць можна смела ўскласці на моладзь, якая такім чынам шукала выхаду сваёй энергіі, то, думаю, дошкі падлогі і пралёт металічнай агароджы танцпляцоўкі, якія зніклі ў невядомым напрамку, кралі дарослыя людзі.
Калі разам з начальнікам участка ЖКГ па санітарнай ачыстцы горада Станіславам Галіцкім аглядалі альтанкі, ён з горычу так трапна сказаў:
— Гэта ж так трэба не любіць свой горад, не паважаць яго жыхароў, каб тварыць такі вандалізм.
І з яго словамі я поўнасцю салідарны. Складваецца ўраджанне, што ў нашым горадзе нейкая частка людзей жыве бы ў першабытным ладзе. Усё новае для іх дзікунства. Устанавілі новыя бетонныя агароджы — іх паламалі, абсталявалі аўтобусныя прыпынкі — тое ж самае, вясной высаджвае ЖКГ кветкі — іх крадуць.
У хуткім часе ў Браславе будзе ўстаноўлены сімвал горада — рыбак, пра месца яго размяшчэння цяпер ідзе абмеркаванне. І зыходзячы з раней сказанага, страшна падумаць, але і наш сімвал у першыя ж дні могуць разбурыць падобныя вандалы.
Пасля ж наведвання Замкавай гары я пацікавіўся ў сваіх калег з Міёр, Пастаў і Шаркаўшчыны наконт падобных паводзін іх землякоў. Ні ў адным з пералічыных райцэнтраў такіх фактаў не было зафіксавана. Так, здараліся дробныя выпадкі пашкоджання гарадской уласнасці, але, каб ламалі аўтобусныя прыпынкі, кралі металічныя агароджы, учынялі іншыя факты вандалізму, такога не было.
Вось і задумваешся: няўжо ў нашым горадзе жывуць дзікуны, для якіх усё новае і прыгожае ўспрымаецца як раздражняльнік. Ці не пара адумацца?

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.IMG_1003 (Small) IMG_1004 (Small)