За здаровы лад жыцця

Главное

_MG_9204 (Medium)Спартакіяда пад такой назвай прайшла на мінулым тыдні на базе Браслаўскай ДЮСШ. Для падлеткаў яе сумесна ладзілі аддзел адукацыі, спорту і турызму, райкам БРСМ і інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС. Навучэнцы першай (каманда “Хуткія кеды”) і другой (“Жоўтыя”) гарадскіх школ, а таксама выхаванцы Друйскага дзіцячага дома (БЭМС) заявіліся да ўдзелу ў спаборніцтвах з мэтай выяўлення мацнейшых, а таксама ўмацавання свайго ўласнага здароўя.
Шэраг конкурсаў і эстафет, падрыхтаваных арганізатарамі, прымусіў удзельнікаў спаборніцтваў добра папацець. Усе іспыты выпрабоўвалі ў іх хуткасць, спрыт і здольнасць працаваць у камандзе. Да таго ж хлопчыкам і дзяўчынкам давялося ўспомніць асноўныя навыкі гульні ў хакей і настольны тэніс. Пад парады педагогаў і трэнераў школьнікі бегалі, коўзаліся, балансавалі і цягалі адзін аднаго на мяккіх матах. Камандным голасам падбадзёрваў удзельнікаў спартакіяды інспектар ІСН Андрэй Курыловіч, не забываючы пры гэтым пільна сачыць за дысцыплінай. А дзеці у сваю чаргу з характэрнымі для сябе максімалізмам і гарачнасцю імкнуліся літаральна вырваць перамогу ў сапернікаў.
У выніку пераможцаў выявіў халодны разлік судзейскай калегіі. Імі сталі хлопцы і дзяўчаты з Друі. Другое месца занялі “Жоўтыя”, а трэцюю ступеньку п’едэстала занялі вучні першай школы. Усе яны атрымалі граматы і прызы.