Трывалая жыццёвая пазіцыя

Главное

IMG_9242 (Medium)Усе маладыя Браслаўчане, хто ў апошнія 3 з паловай гады прызываўся ў армію, ведаюць пра Уладзіміра Шымуковіча не па чутках. З 2010 года малады афіцэр узначальвае групу прызыву на воінскую службу Браслаўскага райваенкамата.
Нарадзіўся хлопец у вёсцы Сіцькова, што на Міёршчыне. Там жа скончыў сярэднюю школу. Па прызнанні Уладзіміра, яму заўсёды падабалася форма і пагоны, аднак звязваць сваё жыццё з імі ён не планаваў. Ужо пазней, на геаграфічным факультэце БДУ, калі давялося вучыцца на ваеннай кафедры, хлопец зноў успомніў пра ўзброеныя сілы. Тады ён яшчэ не ведаў, што армія стане для яго тым словам, з якім прыйдзецца, як кажуць, і ўставаць, і лажыцца.
Пасля падрыхтоўкі на ваеннай кафедры У. Шымуковічу было прысвоена званне лейтэнант запасу, і хлопец рыхтаваўся заняць пасаду ў ваенкамаце роднага Міёрскага раёна. Аднак абставіны, відаць, былі супраць, і першым рабочым месцам маладога спецыяліста стала звычайная школа. Не прайшло і паўгода, як лейтэнанту прапанавалі месца ў Браслаўскім РВК. Магчымасць займацца любімай справай ды яшчэ адносна недалёка ад малой радзімы сталі важкімі аргументамі на карысць новага павароту ў лёсе. Так малады афіцэр трапіў на Браслаўшчыну. З цягам часу на яго плячах з’явілася яшчэ па адной зорачцы, а ўпэўненасць у правільнасці выбару толькі крэпла.
Зараз пасада і званне абвязваюць хлопца адказна і якасна выконваць службовыя абавязкі. Да таго ж уласная жыццёвая пазіцыя наконт сімпатыі да арміі таксама добра дапамагае Уладзіміру ў яго паўсядзённай працы. Я не мог не запытацца, ці лёгка начальніку групы прызыву працаваць у маральна-псіхалагічным плане. Бо, як мне здавалася, на гэтай пасадзе трэба прымушаць хлопцаў ісці туды і рабіць тое, куды і што яны не надта жадаюць. Аднак афіцэр запэўніў, што з гэтым праблем няма. Больш за тое, па словах У. Шымуковіча, большасць браслаўскіх прызыўнікоў не баяцца ісці служыць, многія нават шчыра жадаюць трапіць у войска.
Дарэчы, хлопец жанаты, мае сына. І ў справе выхавання ён прытрымліваецца лепшых ваенна-патрыятычных традыцый. “Мэтанакіравана я не імкнуся да таго, каб сын пайшоў па маіх слядах, аднак зраблю ўсё, каб словы накшталт чэсць, доўг, мужчынскі характар не былі для яго пустымі”, — кажа малады афіцэр. Годная жыццёвая пазіцыя, ці не так?

Вячаслаў Каладынскі.