Яйскія

Главное

1306714648_yayaГэта невялікая вёсачка трывала займае апошняе месца ў пераліку населеных пунктаў Беларусі. Ды што там, мабыць, і ўсёй пастсавецкай прасторы. Канкурэнт ёй ёсць толькі ў Кемераўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Няцяжка здагадацца, што размова ідзе пра Яю, для жыхароў якой апошняя літара ў алфавіце – не пусты гук.
Як паведаміла краязнаўца Таццяна Лінкевіч, існуе некалькі тэорый наконт узнікнення назвы вёскі. Магчыма, нейкім чынам спалучэнне гукаў замацавалася за населеным пунктам не без удзелу яіцкіх казакоў, карані якіх узыходзяць да Урала. Прыгожая легенда кажа, што імператрыца Кацярына мела родзічаў у тагачаснай Піедруе і падчас наведвання іх упусціла ў тых мясцінах пальчатку. Слугі кінуліся яе падымаць і пры гэтым крычалі: “Я! Я!”. Некаторыя мясцовыя жыхары звязваюць паходжанне назвы з падзеямі пачатку ХХ стагоддзя. На пытанні не то немцаў, не то палякаў, мову якіх яны не разумелі, адказвалі на нямецкі манер: “Яя.” Самая ж верагодная версія звязана з фінавугорскімі дыялектамі. Справа ў тым, што “яя” ў перакладзе з іх азначае “вялікая вада”. І сапраўды,побач з вёскай і Друйка цячэ, і немалое балота маецца. У савецкія часы Яю спрабавалі перайменаваць у Малінаўку, бо ў сацыялістычнай дзяржаве не павінна было быць нічога непрыгожага. На шчасце, новая назва не прыжылася і вярнулася старая, хай і не зусім мілагучная, але такая незвычайная.
Як бы там ні было, але сёння Яя – жывы населены пункт на тэрыторыі Друйскага сельсавета: 10 домаўладанняў, 29 жыхароў. Варта зазначыць, што сямёра з іх – дзеці.
Мясцовая доўгажыхарка Ніна Гайдзель узгадала, што падчас Вялікай Айчыннай вайны вёска была цалкам знішчана – не засталося ніводнага дома. Яе насельніцтва разам з хатняй жывёлай хавалася ў лесе. З баявымі дзеяннямі тых часоў звязаны яшчэ адзін непрыемны эпізод. У архівах ёсць інфармацыя, што летам 44-га года пад Яяй пры яе вызваленні загінулі больш за 100 чырвонаармейцаў. І гэта амаль пры адсутнасці больш-менш арганізаванага супраціўлення з боку немцаў! Па непацверджаных даных, салдат 154 стралковай дывізіі падчас атакі “накрыла” свая ж артылерыя…
З цягам часу населены пункт адрадзіўся. Усе жылі ды і зараз жывуць на віду адзін у аднаго. “Жыхары нашай вёскі вельмі дружныя, — кажа Ніна Рыгораўна, — дапамагаюць адзін аднаму. Нават моладзь у нас самая лепшая: папросіш што-небудзь купіць – абавязкова выканаюць! Таму нам можна пазайздросціць.”
Нечакана высветлілася, што ў жыхароў Яі асаблівае стаўленне да журналістаў. Аказваецца, гадоў 15-20 таму назад (дакладней Н. Гайдзель не памятае) у вёску завітаў карэспандэнт газеты “Звязда”. Ён многа фатаграфаваў мясцовых жыхароў, са многімі размаўляў. На пытанне, чаго б вам хацелася, людзі адказалі, што ў іх да гэтае пары няма тэлефона. Што і як было пасля публікацыі, аднаму, як кажуць, Богу вядома, аднак у хуткім часе і Яя “выйшла на сувязь”.
Вельмі цікавым пытаннем, мне здаецца, з’яўляецца тое, як сябе называюць жыхары вёскі Яя. Справа ў тым, што ва ўральскім пасёлку Яя жывуць, згодна з некаторымі слоўнікамі, яйчане і нават яйцы! Нашы ж аддаюць перавагу слову яйскія, ці яшчэ прасцей – Марыя (Пётр, Ганна і г.д.) з Яі.
Такі вось унікальны населены пункт ёсць на Браслаўшчыне, аднак жывуць у ім звычайныя людзі са звычайнымі праблемамі. І напрыканцы варта дадаць, што вёска па-свойму прыцягвае турыстаў: фота з дарожным указальнікам, на якім толькі дзве літары і абедзве апошнія, ёсць не ў кожнага…

Вячаслаў Каладынскі.