Першы рок-фестываль у Браславе

Главное

IMG_4634«В этом городе нет рок-н-ролла…» Напэўна, гэтыя радкі вядомай песні падштурхнулі ўдзельнікаў праекта «The Labbuhi» да арганізацыі і правядзення ў нашым горадзе рок-фестывалю «Жывое неба Браслава» , які прайшоў у мінулую суботу на Замкавай гары.
Безумоўна, падрыхтоўка была праведзена грандыёзная, і арганізатар гэтага фестывалю, ён жа і барабаншчык «The Labbuhi», Сяргей Садоўскі прыклаў усе намаганні, каб браслаўчане і госці нашага города змаглі паслухаць стары, добры рок-н-рол. Нямала і ўласных сродкаў удзельнікі групы ўклалі для ажыццяўлення сваёй мары. Сваімі сіламі музыканты абсталявалі канцэртную пляцоўку, часткова гукавое абсталяванне арэндавалі, часткова яго прадаставіла раённае аб’яднанне музееў. За гукаўзмацняльнай апаратурай працаваў спецыяльна запрошаны гукарэжысёр з Наваполацка. Ды і яшчэ шмат іншых нюансаў прыйшлося вырашаць арганізатарам гэтага яркага відовішча. Але галоўнае — фестываль адбыўся. За што ў першую чаргу вялікую ўдзячнасць арганізатары і ўдзельнікі свята выказвалі старшыні райвыканкама Сяргею Шматаву, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталлі Спірыдонавай, а таксама ўсім спонсарам.
Падчас фестывалю на Замкавай гары дзейнічала выстава-продаж сувенірных і рамесных вырабаў клуба «Ля возера». Цудоўныя ўпрыгожванні са скуры, бісеру, вырабы з гліны, эксклюзіўныя лялькі выклікалі цікавасць і жаданне набыць гэтыя рэчы.
Працавалі кропкі грамадскага харчавання райпа. Гарачыя шашлыкі, гарбата, смажанкі, піцца і розныя напіткі карысталіся попытам у людзей.
Усяго ў фестывалі ўдзельнічалі дзевяць груп з Браслава, Пастаў, Полацка, Наваполацка і Мінска. Энергічны пачатак канцэрту дала група-натхніцель фестывалю «The Labbuhi». Хоць першым выступаць заўсёды нялёгка, музыканты задалі запальны тон канцэрту. Затым яны перадалі эстафету добрага настрою групам з Наваполацка.
Браслаўская кавер-рок-група «Лейсвер» парадавала слухачоў нятленнымі замежнымі рок-хітамі мінулага стагоддзя.
А «рана пасталеўшыя падлеткі» (так яны самі сябе называлі) з кавер-групы «Скіфы» маглі даць «фору» любому маладому выканаўцу.
Зарад пазітыўнасці і запалу падарылі гледачам музыканты з групы «Версія». Адзін з удзельнікаў групы настолькі падабаўся маладым дзяўчатам, што яны не пашкадавалі сваіх рук і нават грудзей для яго аўтографа.
Драйвовым рок-н-ролам парадавала маладая група з Мінска «The brooklet». А фіялетавы іракез прадзюсара групы Альберта выклікаў зацікаўленасць усіх гасцей свята.
А пакуль музыканты настройвалі сваю апаратуру, ( канцэрт праходзіў ужывую) на сцэне спявала ўласныя песні на беларускай мове прасягнутыя філасоўскім сэнсам, спявачка з Наваполацка Святлана Трапук. Сярод гледачоў праводзіліся конкурсы.
Паслухаць добрую музыку і сваімі вачыма ўбачыць, што ж такое рок-фестываль, на Замкавую гару прыйшло шмат людзей рознага ўзросту. Іх не спужаў раптоўны холад і дождж. І думаю, што ніхто з іх не пашкадаваў. Усе, з кім давялося пагутарыць, і ўдзельнікі, і гледачы фестывалю, выказвалі агульную думку: свята такога накірунку вельмі патрэбна нашаму гораду. Да таго ж музыканты адзначалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі фестывалю. За што яшчэ раз вялікі дзякуй яго арганізатарам.
Безумоўна, пры жаданні магчыма знайсці да чаго прычапіцца, аднак факт застаецца фактам: рок-фестываль падарыў браслаўчанам сапраўднае свята. І будзем спадзявацца, што гэта толькі першы акорд у станаўленні традыцыі.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.