Ініцыятыва атрымала падтрымку

Новости

Браслаўчане і госці горада, мабыць, заўважылі, што на мяжы гадоў у гандлёвым цэнтры “Віталіч” працавалі валанцёры ад райкама БРСМ. Апранутыя ў белыя ці зялёныя футболкі, яны прапаноўвалі наведвальнікам магазіна прыняць удзел у дабрачынным праекце “Ёлка жаданняў” і набыць падарункі для абяздоленых дзяцей, якія знаходзяцца ў дзіцячым сацыяльным прытулку пры Опсаўскай дапаможнай школе-інтэрнаце, ці ахвяраваць на гэтыя мэты колькі грошай.
На здзіўленне і радасць арганізатараў, ініцыятыва атрымала шырокую падтрымку ў грамадстве: людзі ахвотна набывалі падарункі, саладосці і перадавалі іх валанцёрам. Апошнія, трэба сказаць, былі з ліку актывістаў пярвічкі БРСМ першай школы. Парадаваць дзяцей вырашылі не толькі асобныя грамадзяне, сярод якіх былі і іншаземцы, але і арганізацыі раёна. Так, удзел у праекце прынялі пагранічнікі, супрацоўнікі раённага аддзялення “Ахова”, міжраённага аддзялення УКДБ, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”. У выніку назбіраўся цэлы мех падарункаў і больш за міл’ён рублёў.
Яшчэ на пачатку праекта дзеці напісалі свае пажаданні ў лістах, якія былі накіраваны ў райкам БРСМ. Па задумцы, дзіцячыя мары, адлюстраваныя менавіта ў іх, прапаноўвалася рэалізаваць наведвальнікам “Віталіча”. На гэтыя ж мэты пайшлі і сабраныя грошы. Арганізатары ўлічылі пажаданні кожнага выхаванца прытулку і набылі адпаведныя падарункі. Па словах першага сакратара райкама Марыі Сяліцкай, гэта невялікае, але такое патрэбнае праяўленне ўвагі. “Дзецям патрэбны мама і тата, але, спадзяюся, і наша дзейнасць асвеціць дзіцячыя твары ўсмешкамі”, — сказала яна.
Уручалі цацкі і цукеркі дзецям тыя ж валанцёры, што прымалі непасрэдны ўдзел у праекце. Усе дзевяць выхаванцаў прытулку атрымалі доўгачаканыя падарункі. Рэалізоўвалі ж маленькія мары, можна сказаць, усім светам. Як зазначыла намеснік дырэктара Опсаўскай школы-інтэрната па дзіцячым сацыяльным прытулку Святлана Аўсюкевіч, такія ініцыятывы станоўча ўплываюць на стан дзяцей. Яны рады любой увазе ў свой бок, а падарункам – тым больш. Такія мерапрыемствы адцягваюць іх ад тугі па доме і бацьках.
Арганізатары праекта вельмі ўдзячныя ўсім, хто прыняў у ім удзел, падарыў часцінку сваёй дабрыні дзіцяці. Хлопчыкі і дзяўчынкі на некаторы час сталі крыху шчаслівей, а гэта, згадзіцеся, дорага каштуе.

Вячаслаў Каладынскі.