Дзень пісьменства ў Глыбокім (фотарэпартаж)

Новости

Дзень беларускага пісьменства, які святкуецца ў нашай краіне з 1994 года, сёлета прайшоў у Глыбокім. Яго ўдзельнікі і госці адзначалі маштабнасць мерапрыемства. Нездарма міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі падкрэсліў, што з года ў год такое свята праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады Дзень беларускага пісьменства праходзіў у Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціслаўі, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах. Усе гэтыя гарады маюць свой асаблівы каларыт, а да свята яшчэ і пераўвасабляюцца.
На Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім завітала шмат ганаровых гасцей. Старшыня нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня пісьменства, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік зачытаў прывітанне ўсім удзельнікам свята ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка. У сваю чаргу намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза падкрэсліў, што, якую б ролю ні ігралі ў сучасным жыцці аўдыёвізуальныя сродкі масавай інфармацыі, кніга ў яе класічным друкаваным выглядзе была і застанецца лепшым і самым надзейным сябрам чалавека, яго выхавальнікам, настаўнікам і памочнікам.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец са сваімі намеснікамі, якія прысутнічалі на адкрыцці ўсіх асабліва важных аб’ектаў, з задавальненнем яшчэ і гутарылі з удзельнікамі свята.
Адкрыццё сквера славутых землякоў-глыбачан адбылося таксама з удзелам А. Косінца. Скульптурныя бюсты ўстаноўлены Язэпу Драздовічу, пісьменніку, мастаку, фалькларысту, археолагу, Ігнату Буйніцкаму – аснавальніку айчыннага тэатра, Алесю Дубровічу – паэту, удзельніку вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, Пятру Казлову – Герою Савецкага Саюза, генералу-лейтэнанту, Паўлу Сухому – двойчы Герою Сацыялістычнай Працы, генеральнаму канструктару авіяцыйнай тэхнікі (дарэчы, на ўрачыстасці адкрыцця бюстаў прысутнічала яго ўнучка), Вацлаву Ластоўскаму – пісьменніку, гісторыку, першаму дырэктару Беларускага дзяржаўнага музея, Эліэзер Бен-Іегуда – стваральніку дзяржаўнай мовы іўрыт Рэспублікі Ізраіль, Іосіфу Корсаку, мэцэнату, на сродкі якога ў Глыбокім пабудаваны касцёл кармялітаў і Троіцкі касцёл.
Мемарыяльныя дошкі ў бронзе створаны таксама пісьменніку Лявонцію Ракоўскаму і беларускаму грамадскаму дзеячу 20-30 гадоў ХХ стагоддзя Клаўдыё Дуж-Душэўскаму.
Аўтарамі гэтых аб’ектаў манументальных твораў мастацтва выступілі вядомыя беларускія скульптары Аляксандр Гвоздзікаў, Леў і Сяргей Гумілеўскія, Іван Казак, Валерый Магучы, Іван Міско, Канстанцін Селіханаў, Азат Тарасян, Валерыян Янушкевіч.
А калі адкрывалі гандлёвы цэнтр “Родны кут”, А. Косінец зазначыў, што такія патрэбныя і зручныя для пакупнікоў аб’екты павінны за гэты год з’явіцца і ва ўсіх астатніх раённых цэнтрах.
Урачыстае адкрыццё свята беларускага пісьменства прайшло на цэнтральнай плошчы горада. Нікога не пакінула раўнадушнай тэатралізаваная праграма “Вытокі духоўнасці”, цырымонія ўзнагароджання пісьменнікаў – пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор за 2012 год. Уразілі гледачоў канцэрт нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г. Цітовіча і выступленні творчых калектываў вобласці, замежных гасцей.
Не магла не запытацца пра ўражанні ад свята ў гасцей і глыбачан. Напрыклад, мэр горада Кекава Робертс Юркіс, адзначыў нацыянальны каларыт Дня пісьменства. Гучала шмат любімымі ўсімі беларускіх песень, пад якія ўдзельнікі свята ішлі ў танцы.
На думку аднаго з арганізатараў Дня пісьменства Аляксей з Мінска, рэжысёра-пастаноўшчыка малых пляцовак, адметнасцю свята ў Глыбокім стала асобнасць гандалю і мастацтва. Як кажуць, сала і кнігі павінны быць усё ж у розных месцах.
А глыбачанін Аляксей Пратасаў спецыяльна падышоў да карэспандэнта “Браслаўскай звязды”, каб выказаць удзячнасць супрацоўнікам Браслаўскага райпа, якія гандлявалі не адны суткі побач з яго домам і ніякага дыскамфорту ні ён, ні суседзі ад гэтага не адчулі.
Увогуле, свята беларускага пісьменства ў Глыбокім пакінула шмат прыемных уражанняў не толькі ў мясцовых жыхароў, якія доўга яго чакалі і грунтоўна рыхтаваліся, але і ў шматлікіх гасцей.

Тэкст Зінаіды Палулех;
фота Зінаіды Палулех, Аляксандра Азевіча, Гальляша Сялявы.