У Браславе ўрачыста адкрылі новую аўтастанцыю (фота)

Новости

У Браславе 29 жніўня адбылася вельмі значная падзея – адкрыццё новай аўтастанцыі. Раніцай у 4 гадзіны адсюль у рэйс адправіўся першы аўтобус. Апошні прыйшоў з рэйсу амаль у дзве гадзіны ночы.
Афіцыйнае ж адкрыццё гэтага доўгачаканага аб’екта адбылося апоўдні . На яго завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, старшыня райсавета Ніна Пучынская, кіраўнікі раённых службаў, браслаўчане, шматлікія госці. Святочны настрой сваімі песнямі ствараў народны ансамбль песні “На панадворку”, а айцец Анатоль асвяціў памяшканні аўтастанцыі.
Адкрываючы аўтастанцыю, Сяргей Шматаў, у прыватнасці, сказаў: “Хоць у гэтага аб’екта быў і не зайздросны лёс з-за доўгабуду, аднак цяпер ён будзе радаваць браслаўчан і пасажыраў сваёй камфортнасцю і ўтульнасцю”. Старшыня райвыканкама падзякаваў усім жыхарам Браслаўшчыны за цярпенне і падтрымку, выказаў надзею, што гэта не апошні аб’ект, які ўзведзены для таго, каб жыццё ў Браславе было лепшым.
Вядучыя прадаставілі слова і дырэктару аўтапарка №18 Мікалаю Курцу. Ён адзначыў, што, бадай, і ў 1957 годзе, калі адкрывалі старую аўтастанцыю, была падобная ўрачыстасць. Аднак час мяняецца, і ўжо сёння пасажыры атрымалі будынак, які адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. Хоць будаўніцтва і цягнулася амаль чатыры гады, але такое доўгае чаканне таго варта. Ён падзякаваў субпадрадчыкам з “Мастака”, “Прамэнергабуда”, БПМК-36, якія выконвалі ўскладзеныя на іх работы хутка і якасна.
Новая аўтастанцыя мае ўсе неабходныя для якаснага абслугоўвання пасажыраў службы і падраздзяленні: зручную залу чаканняў, буфет, пакой адпачынку для маці з дзецьмі, дарэчы, бясплатны, для вадзіцеляў, душавыя для супрацоўнікаў, зручныя пасадачныя платформы. А для таго, каб госці нашага курортнага горада адразу акунуліся ў атмасферу прыгажосці, жыллёва-камунальная служба добраўпарадкавала і тэрыторыю вакол новай аўтастанцыі. Тут з’явілася скульптура дзяўчыны, якая нібыта толькі што выйшла з возера Дрывяты і ўглядваецца ў вуліцы прыбярэжнага горада. Гэтая кампазіцыя – аўтарская работа мясцовай мастачкі Марыны Фёдаравай, якая працуе ў РДК.
Для зручнасці пасажыраў, якіх тут у дзень бывае 300 чалавек і больш, асабліва ў летні сезон, расклад руху аўтобусаў, які выводзіцца на вадкакрышталічны экран, касы абсталяваны тэрміналамі для разлікаў пластыкавымі карткамі. Праўда, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў лічыць, што на аўтастанцыі патрэбна ўстанавіць абавязкова з часам і банкамат.
Мадэрнізавана і камера захоўвання. Для інвалідаў і людзей з абмежаванымі здольнасцямі абсталяваны асобны туалет, пандусы.
Усяго на новабудоўлю затрачана амаль 6 мільярдаў рублёў.
Штодзённа аўтастанцыя абслугоўвае больш за 60 рэйсаў, шэсць з іх – міжнародныя. Акрамя таго, Браслаў сёння імкнецца стаць буйным турыстычным цэнтрам. Безумоўна, новая сучасная аўтастанцыя толькі дадасць яму прыцягальнасці ў вачах адпачываючых.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.