У Ахрэмаўцах адзначылі свята аграгарадка

Отдых
Ахрэмаўцы – адзін з найбуйнейшых населеных пунктаў Браслаўскага раёна. У ім жывуць працавітыя і таленавітыя людзі, якія любяць свае мясціны і шмат робяць, каб родны край квітнеў і быў прыгожым. Раз у год па шматгадовай традыцыі тут ладзяць свята аграгарадка. Гэтай урачыстасці больш за 40 гадоў, і яна з’яўляецца адной з самых доўгачаканых. Работнікі культуры і мясцовая ўлада кожны раз імкнуцца зрабіць мерапрыемства цікавым.

І гэтым разам была прадумана разнастайная праграма. Па традыцыі расказалі апошнія навіны з жыцця аграгарадка, ушанавалі юбіляраў, нованароджаных, адзначылі лепшыя падворкі, актывістаў і інш. Для дзяцей была гульнявая пляцоўка з забавамі і атракцыёнамі.

Падрыхтавалі і канцэртную праграму. Перад гледачамі выступалі іх землякі, якіх сустракалі асабліва цёпла, бо тут усе добра ведаюць адзін аднаго і любяць творчасць мясцовых самадзейных артыстаў.

Прыемным падарункам на свята аграгарадка стала выступленне хору ветэранаў Браслаўскага РЦК пад кіраўніцтвам Наталлі Няміра. Дарэчы, ёсць у яго складзе і ахрэмаўчане. Спевакі з гэтага калектыву пакарылі мясцовых жыхароў сваім пазітыўным настроем, аптымізмам і рэпертуарам. Усе разам спявалі, пляскалі ў далоні і весяліліся. ■

Алена НАБЕЕВА