У Браславе прайшлі ўрачыстаці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў

Отдых
На працягу летніх месяцаў у санктуарыях каталіцкіх дыяцэзій праходзілі Марыйныя фэсты, шэраг якіх завяршыла адпустовая ўрачыстасць у Браславе. Сёлета яна адбылася 19 – 20 жніўня, і на два дні наш горад стаў месцам прыцягнення соцень мясцовых прыхаджан, пілігрымаў і вернікаў з розных куткоў краіны. Усе яны сабраліся, каб выказаць пашану да іконы Божай Маці Валадаркі азёр.

Запланаваныя на вечар пятніцы мерапрыемствы пачаліся з сустрэчы ўдзельнікаў пешых пілігрымак: 70 глыбачан дзвюма групамі за тры дні пераадолелі каля 90 кіламетраў, каб далучыцца да свята ў гонар Божай Маці. Прыехалі ў Браслаў і вернікі з Гродзенскай дыяцэзіі, якія арганізавалі аўтобусныя пілігрымкі, а некаторыя індывідуальныя падарожнікі – як з Беларусі, так і з-за мяжы – дабіраліся на аўтамашынах і веласіпедах.

Да ўсіх прысутных са словамі прывітання звярнуўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён нагадаў дэвіз сёлетняга фэсту «Маці супакою, маліся за нас» і прапанаваў вернікам прасіць Божай ласкі як для сваёй краіны, так і для ўсяго свету. Ужо стала традыцыяй, што падчас свята на першай імшы моладзь з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прымае таямніцу хрысціянскай сталасці, вось і цяпер больш за 70 юнакоў і дзяўчат праз канфірмацыю свядома пацвердзілі сваю веру. Біскуп Касабуцкі, які ўзначальваў набажэнства, пажадаў маладым людзям умацоўваць яе і не баяцца дзяліцца з блізкімі і знаёмымі.

Вячэрнія ўрачыстасці ўключалі ў сябе малітвы, гутаркі пра сямейныя каштоўнасці, ноччу ж удзельнікі мерапрыемства зладзілі шэсце вакол Замкавай гары на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам. З запаленымі свечкамі, малітвамі і спевамі рушыла за цудадзейным абразом Божай Маці Валадаркі азёр шматлікая працэсія па гарадскіх вуліцах. Падчас начной імшы асаблівая ўвага была нададзена ружанцовай малітве, якая можа змяняць жыццё і ратаваць у складаных сітуацыях.

Кульмінацыяй фэсту стала суботняя святая імша, што адбылася на палявым алтары-караблі. Асаблівую ўрачыстасць ёй надало вакальнае суправаджэнне вялікага зводнага хору, які ўпрыгожыў сваім спевам літургію. У яго склад увайшлі калектывы браслаўскай парафіі пад кіраўніцтвамІны Сапун і камернага хоруSalutaris (кіраўнік – Вольга Янум), а таксама ўдзельнікі летняй школы касцёльнага спеву, якая праходзіла сёлета ўжо пяты раз.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дарэчы, ураджэнец Браслава, шчыра вітаў пілігрымаў, прысутных іерархаў, прадстаўнікоў мясцовай улады, вернікаў. У сваёй прамове ён заклікаў маліцца пра паратунак і літасць да сучаснага свету, Божую мудрасць для ўсіх, бо «мы і ёсць тая Божая ніва, якая павінна прыносіць багаты плён годнага хрысціянскага жыцця, трывалых сем’яў, адданага пастырскага служэння і адказнага служэння грамадству». ■