Адкрыццё пагранкамендатуры і юбілей дзіцячага сада. Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў 1997-м

Отдых
У ЛЮСТЭРКУ СТАТЫСТЫКІ

У пачатку года ў карыстанні прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, калгасаў, саўгасаў і прыватнікаў знаходзілася 5 712 аўтамабіляў. У параўнанні са студзенем 1996 г. іх колькасць узрасла на 2,1 %. Прырост далі прыватнікі, якія за год прыдбалі 221 аўтамабіль. У народнай жа гаспадарцы – тэндэнцыя да скарачэння, асабліва ў грузавым парку: з 1993 г. тут стала менш на 263 машыны. З-за дэфіцыту паліва за апошніх 5 гадоў колькасць аўтамабіляў на бензіне зменшылася на 308 адзінак і адпаведна пабольшала машын на дызпаліве.

ІДУЦЬ ЮНАКІ НА СЛУЖБУ

Асаблівасцю сёлетняга вясенне-летняга прызыву юнакоў у армію з’яўляецца тое, што большасць з іх адразу трапяць у вайсковыя часці, мінуючы абласны зборны пункт. Пашыраецца і прынцып рэгіянальнага камплектавання: па меры магчымасці хлопцы з Віцебшчыны будуць праходзіць службу ў сваёй вобласці. Па добрай традыцыі прызыўнікоў праводзяць у армію ва ўрачыстай абстаноўцы іх працоўныя калектывы. Імкнуцца наладзіць провады і бацькі. Але прыкра, калі гэта мерапрыемства ператвараецца ў сапраўдную папойку. Хіба ж гарэлка можа вызначыць тугу перад развітанем?

АБ’ЯВЫ

– У будынку кінатэатра «Дружба» адкрыўся фірменны рыбны магазін СП «БелІН». У продажы – свежамарожаная, салёная, вэнджаная рыба, прэсервы і іншыя харчовыя тавары. – З 22 ліпеня цеплаход, які належыць Нацыянальнаму парку «Браслаўскія азёры», пачынае абслугоўванне адпачываючых. Кошт уваходу – 10 тыс. руб., у выхадныя дні з 19.00 – 20 тыс. руб. – Члены Інстытута народнай медыцыны прапануюць дыягностыку (і па фатаграфіі), зняцце суроку і чараў, прадказанні, лячэнне хвароб нетрадыцыйнымі метадамі. Прыём пройдзе 28 ліпеня ў РКБА.

НА ПАГАШЭННЕ ПАДАТКУ

Раённы камбінат бытавога абслугоўвання страціў адзін са сваіх будынкаў. Гэта Дом быту па вуліцы Савецкай, дзе цяпер размяшчаецца магазін фірмы «Еўрасэрвіс». За нявыплату падаткаў памяшканне канфіскавана і хутка будзе прадавацца. Такое рашэнне прынята ўласнікам – раённым Саветам дэпутатаў і абласным гаспадарчым судом.

АДКРЫТА ПАГРАНКАМЕНДАТУРА

Дзесяць гадоў таму назад у калгасе «Маяк» вырашылі пабудаваць у вёсцы Опса сацыяльна-культурны цэнтр. Паспелі ўзвесці сцены і накрыць дах, як затым калгасы імя Заслонава і «Маяк» аб’ядналіся, цэнтр узбуйненага сельгаспрадпрыемства перанеслі ў іншае месца і патрэба ў пабудове адпала. У незавершаным стане памяшканне сіратліва прастаяла некалькі гадоў, пакуль у раёне не з’явіліся пагранічнікі. Пасля завяршэння работ, якія выконвалі ПМК-42 і МП «Аддзелачнік», у будынку ўрачыста адкрылі пагранкамендатуру. Тут створаны выдатныя ўмовы для службы.

НАСУПЕРАК ЦЯЖКАСЦЯМ

Такога цяжкага сезона здабычы тарфакрошкі не памятаюць нават ветэраны торфабрыкетнага завода. Мокрая вясна адсунула пачатак нарыхтоўкі сыравіны на больш познія тэрміны, аднак і цяпер надвор’е не дае спакою. Ліўні пастаянна размываюць картавыя каналы, шмат выдаткоўваецца на іх ачыстку, а гаруча-змазачныя матэрыялы не ліюцца ракой, як было раней. Аднак насуперак цяжкасцям ужо здабыта 60 % патрэбнага аб’ёму сыравіны, і калектыў не губляе надзеі. Пакуль жа завод працуе на старых запасах і выпускае 36 тыс. т торфабрыкетаў у год пры магутнасці 30 тыс. т.

ЮБІЛЕЙ ДЗІЦЯЧАГА САДА

Дзіцячаму саду № 2, што па вуліцы Энгельса ў Браславе, споўнілася 30 гадоў. У 1967 г. гэта была першая вялікая дашкольная ўстанова ў горадзе, узведзеная па тыпавым праекце. Маленькія браслаўчане атрымалі тады прасторныя пакоі для заняткаў, вялікую залу для правядзення свят, чаго не было ў прыстасаваных памяшканнях ясляў і першага сада. За гэты час каля 2 тысяч выхаванцаў пайшлі з яго ў гарадскія школы. Шмат якія браслаўчане вадзілі сюды сваіх дзяцей, а цяпер прыводзяць ужо ўнукаў. Дзіцячы сад і сёння, праз 30 гадоў, застаецца для многіх добрым і родным домам.

У ДЗЯРЖАЎНУЮ КАЗНУ

Браслаўскія мытнікі рэгулярна папаўняюць дзяржаўную казну. За два апошнія месяцы яны абагацілі яе не на адзін мільярд рублёў. Напрыклад, неўстаноўлены адрасант спрабаваў пераправіць з Латвіі 25 бочак этылавага спірту, у якіх знаходзілася яго 4 тоны 420 кілаграмаў. У дакументах жа значыўся растваральнік, і ехаў вадзіцель на досвітку, спадзеючыся, што пасля начнога дзяжурства інспектары прытаміліся і не разгледзяць падробак у дакументах. Славутае «авось» не прайшло: спірт ацэнены ў 871 мільён 697 тысяч рублёў і канфіскаваны. ■

Жанна БЯЛЬКО