Замест танцаў — «сурагат». Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў 1987-м

Отдых
КАШТОЎНАЯ РАЦЫЯНАЛІЗАЦЫЯ

Недахоп работнікаў у гаспадарках раёна часта стрымлівае работы, у тым ліку сяўбу, якая не церпіць прамаруджвання. З-за адсутнасці ў многіх калгасах механічных загрузчыкаў збожжавых і льняных сеялак гэты працэс выконваецца ўручную і патрэбны дадатковыя працаўнікі. У гаспадарцы імя Кірава галоўны інжынер і мясцовыя ўмельцы вырашылі праблему з дапамогай рацыяналізацыі. За 4 дні на базе самазвала ЗІЛ з выкарыстаннем шнэка ад збожжаўборачнага камбайна ў іх атрымаўся выдатны загрузчык, які бярэ да 3,5 т насення. Затраты на яго склалі ўсяго 85 руб.

ПА ВУЛІЦАХ ГОРАДА

Раніцай 9 мая ў Браславе праводзілася ваенізаваная эстафета, прысвечаная Дню Перамогі. Яе этапы пралягалі па вуліцах горада. Удзельнікі эстафеты спаборнічалі ў разборцы і зборцы аўтамата, бегу ў процівагазах і з санітарнымі сумкамі, веласіпедных гонках, стральбе з пнеўматычнага пісталета. Хутчэй за іншых эстафетную палачку пранесла каманда Далёкаўскай СШ – яна і стала пераможніцай. На другім месцы – ахрэмаўскія школьнікі, на трэцім – зборная СШ № 2.

УСЁ ТОЙ ЖА СУРАГАТ…

Браслаўская моладзь выказвала незадаволенасць тым, як праходзяць у РДК вечары адпачынку, на камсамольскай канферэнцыі, пленуме РК ЛКСМБ і на старонках газеты. Ці змянілася што за год? Можа, перасталі ў Доме культуры прапаноўваць сурагат пад гучнай назвай «дыскатэка»? У прынцыпе, усё засталося па-ранейшаму. Пад прыгожай маркай моладзі прапануюцца звычайныя танцы. Між тым ад назвы залежыць кошт уваходнага білета: на танцы – 50 кап., за дыскатэку – рубель. Гэтым і тлумачыцца магічнае найменне, што летась прынесла культустанове 16 тыс. руб.

У ПОШУКУ – ЧЫРВОНЫЯ СЛЕДАПЫТЫ

Экспедыцыя піянераў і школьнікаў «Мая Радзіма – СССР» аб’ядноўвае мільёны юных турыстаў і краязнаўцаў. Ідуць дарогамі пошуку і вучні Відзаўскай СШ. У 12-і экспедыцыйных атрадах налічваецца 190 хлопчыкаў і дзяўчынак. Іх работу арганізуе і накіроўвае штаб, у складзе якога настаўнікі, ветэраны вайны і працы, вучні. Чырвоныя следапыты сабралі багаты матэрыял пра партызанскі рух у раёне, устанавілі сувязі з гераічнымі землякамі і адкрылі музей баявой славы.

КНІГА ПРА БРАСЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ

Рэспубліканскае выдавецтва «Універсітэцкае» выпусціла кнігу «Браслаўскія азёры». Яе адкрывае раздзел пра даследаванне нашых вадаёмаў вучонымі, якое пачалося ў 1920-х гг. У кнізе даецца характарыстыка тыпаў азёр, цікава і даволі падрабязна апавядаецца пра рэльеф і ландшафт вадаёмаў, расліннасць, рыбныя запасы. Аматары актыўнага адпачынку змогуць знайсці ў выданні расказ пра ўсесаюзны турыстычны маршрут па нашых азёрах. Кніга разлічана на студэнтаў і настаўнікаў, але зацікавіць шырокае кола чытачоў.

НАБАЛЕЛАЯ ПРАБЛЕМА

У рэдакцыю даслала ліст маці траіх дзяцей. Над такімі сем’ямі ў многіх гарадах, у прыватнасці, у Прыбалтыйскіх рэспубліках, бярэ шэфства мясцовая ўлада: іх замацоўваюць за пэўнымі магазінамі, бяруць заяўкі на патрэбныя рэчы ў прамысловых, абслугоўваюць без чаргі ў харчовых. Сапраўды, у крамах не заўсёды бывае патрэбнае, у дні прывозу тут не праціснуцца, а часу стаяць няма. Вось чытачка ўсю зіму ды вясну і не можа купіць дзіцячыя калготкі і інш. На словах кажуць, што мнагадзетным трэба дапамагаць, варта і ў жыцці заняцца набалелай праблемай.

ЗА МАСАВАСЦЬ САМАДЗЕЙНАЙ МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ

У раёне праводзіўся агляд мастацкай самадзейнасці, які праходзіў у рамках Усесаюзнага фестывалю самадзейнай народнай творчасці і стаў адным з этапаў падрыхтоўкі да традыцыйнага свята «Браслаўскія зарніцы». Сёлета было прадстаўлена больш працоўных калектываў, чым у мінулыя гады, пашырылася кола ўдзельнікаў, узрасло іх выканаўчае майстэрства. На жаль, у шэрагу гаспадарак і ўстаноў кіраўнікі, сакратары партыйных і камсамольскіх арганізацый зусім не ўдзяляюць увагі самадзейнай творчасці работнікаў і самі не ўдзельнічаюць у ёй.

ПЕРАД ВЫБАРАМ ШЛЯХУ

Лічаныя дні засталіся да школьных экзаменаў. Перад выпускнікамі стаіць пытанне выбару прафесіі, аднак не кожны жадае пакідаць родны кут. Таму для вучняў 8-га класа Грытунскай школы была арганізавана экскурсія ў Друйскае СПТВ-172. Вучылішча ім спадабалася. Васьмікласнікі пабывалі ў кабінетах, інтэрнаце, сталовай, музеі. Дзве дзяўчыны вырашылі вучыцца на кулінара, узрадаваўшыся, што жаданую прафесію можна атрымаць у раёне. Вось толькі браць ім накіраванне ці разлічваць на конкурс? Ужо пададзена 36 заяў, а прымуць 30 абітурыентак. ■