У Друі па ініцыятыве мясцовай улады адбыўся фотапленэр

Отдых
На мінулым тыдні ў аграгарадку Друя сабралася кампанія фатографаў з народнага фотаклуба «Мінск» на чале з вядомым журналістам, заснавальнікам інтэрнэт-рэсурса «Планета Беларусь» і майстрам фотамастацтва Сяргеем Плыткевічам: па запрашэнні Друеўскага сельвыканкама ў населеным пункце адбыўся фотапленэр.

Ідэя правесці ў Друі мерапрыемства для творчых людзей, якія займаюцца здымкамі, узнікла не на пустым месцы.

Па словах арганізатараў, калі спатрэбілася знайсці якасныя ілюстрацыі для выпуску тэматычных паштовак пра гэтую мясцовасць, то ўзнікла праблема з іх пошукам. Таму, калі з цягам часу з’явілася магчымасць правесці фотапленэр, узяліся за яе рэалізацыю.

На Браслаўшчыну прыехалі фотамастакі, якія працуюць у розных жанрах. Тыя, хто аддае перавагу прыродзе, з самай раніцы адпраўляліся на фотапаляванне, а хтосьці тым часам шукаў незвычайныя ракурсы на вуліцах населенага пункта і рабіў партрэты мясцовых жыхароў.

Як расказала ўдзельніца пленэру Лана Красікава, ёй падабаецца здымаць пейзажы і архітэктуру, таму ў Друі яна фатаграфавала старую забудову. Перавагу вулічным сцэнам аддае і Надзея Дзегцярова, таму жанчыны былі ў захапленні ад мясцовых «дэкарацый» для творчасці. Дарэчы, працавалі фатографы і падчас нядаўняга свята ў гарадскім пасёлку Відзы. Па словах арганізатараў, па выніках мерапрыемства плануецца арганізаваць выстаўкі ў розных гарадах Беларусі. Таксама здымкі будуць выкарыстоўвацца для стварэння буклетаў і рознай даведачнай літаратуры пра Друю. ■

Алена НАБЕЕВА