Дождж не перашкодзіў браслаўчанам адсвяткаваць купалле

Отдых
Вянкі з палявых кветак, песні і карагоды — свята па матывах абрадаў купальскай ночы адбылося ў Браславе ў панядзелак вечарам.

На святкаванне ў Леснічоўку сабралася шмат браслаўчан і гасцей горада. У чаканні пачатку тэатралізаванага дзейства яны плялі вянкі, знаёміліся з выстаўкамі і работамі мясцовых майстроў, частаваліся прысмакамі ад народных аб’яднанняў і прыватных прадпрымальнікаў. Акрамя таго, браслаўчанкам прапаноўвалі паўдзельнічаць у конкурсе на самы прыгожы вянок. Для гэтага неабходна было ў ім зрабіць фотаздымак і выкласці ў інтэрнэт, дзе праходзіла галасаванне.

Тым часам на сцэнічнай пляцоўцы пачалося выступленне ансамбля беларускай песні «Сябрына» і з’явілася вядучая Марыя Сініца, якая на працягу ўсяго вечара распавядала пра розныя традыцыі і звычаі Купалля. Дапамагалі ёй іншыя работнікі культуры, якія праводзілі адпаведныя гульні і абрады: браслаўчане праходзілі ачышчэнне ручнікамі, шукалі папараць-кветку і інш.

Па адной з традыцый, у купальскую ноч неабходна купацца ў азёрах і рэках, таму не абышлося і без забаў з вадой, а раптоўны дождж толькі дадаў каларыту святу. Ён спыніўся якраз тады, калі надышоў час кульмінацыі ўсяго дзейства — запальвання вогнішча. Якое ж Купалле без агню і традыцыйнага карагоду?! Таму самыя цярплівыя ўдзельнікі, якія не спалохаліся летняга дажджу, хутка арганізавалі карагод вакол вогнішча і працягнулі весяліцца. ■

Алена НАБЕЕВА