Ордэнам Маці узнагароджана жыхарка агр. Друйск Ірына Аўчынка

Главное Люди
Народная мудрасць кажа, што найлепшая ўзнагарода для жанчыны — любоў дзяцей. Але не менш важная ўвага і падтрымка з боку дзяржавы, якая шмат робіць для маці, асабліва шматдзетных. У нашай краіне жанчыны, якія нарадзілі і годна выхоўваюць пяцярых і больш дзяцей, адзначаюцца ордэнам Маці. Сёлета ганаровай узнагароды ўдастоена і жыхарка агр. Друйск Ірына Аўчынка.

У шматдзетнай сям’і Ірыны і Леаніда — пяцёра дачок. Старэйшая ўжо замужам і сама маці, меншай хутка споўніцца чатыры гады. Працуючы аператарам машыннага даення ў ААТ «Друйскі», І. Аўчынка спраўляецца з хатнімі справамі, не адмаўляецца ад удзелу ў розных мерапрыемствах і конкурсах, разводзіць кветкі. А яшчэ гэта абаяльная жанчына змагла стварыць такія ўмовы, калі кожнаму ў вялікай сям’і камфортна і ўтульна.

Заслужаны знак пашаны ва ўрачыстай абстаноўцы Ірыне Чаславаўне уручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Кіраўнік раёна падкрэсліў той факт, што пасведчанне падпісана асабіста Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і назваў ордэн Маці «самай добрай, мірнай і дастойнай узнагародай». Сімвалічна, што адбылася гэта падзея якраз у Дзень сям’і.

Сама Ірына кажа:

— Мы ўдзячны дзяржаве і нашай сацыяльнай службе за ўвагу. Праўда, хоць і называецца ордэн Маці, лічу, што ўзнагарода больш сямейная, бо абавязкаў і адказнасці ў абодвух бацькоў пароўну. У выхаванні мы кіруемся тым перакананнем, што дзеці павінны быць шчаслівыя, а для гэтага іх проста трэба любіць. ■

Жанна БЯЛЬКО