«Сёстры Хатыні». У дзіцячай бібліятэцы працуе экспазіцыя, прысвечаная спаленым вёскам

Отдых
У сакавіку беларусы ўзгадваюць сумную дату — дзень хатынскай трагедыі. З гэтай нагоды раённая дзіцячая бібліятэка запрашае браслаўчан наведаць фотавыстаўку «Сёстры Хатыні».

Загадчык бібліятэкі Валянціна Кірчанка і бібліятэкар Алена Каспаровіч сабралі вялікую і разнастайную інфармацыю, якая расказвае пра жахлівыя падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны і адлюстроўвае трагедыю беларускага народа ў гады ліхалецця. Лёс «вогненных» вёсак увасоблены ў шматлікіх фотаздымках і друкаваных матэрыялах, размешчаных на стэндах. В. Кірчанка, падкрэсліваючы важнасць захавання памяці пра трагічныя падзеі ваенных гадоў, кажа:

— Гэта ўніверсальная выстаўка, бо яна адрасавана дзецям рознага ўзросту. Так, для навучэнцаў 4—5 класаў мы прапануем завочную экскурсію па Хатыні ў суправаджэнні відэа, расказ пра іншыя беларускія вёскі, якія падзялілі яе лёс, напрыклад, Росіцу ў Верхнядзвінскім раёне, Шунеўку, Дальву і іншыя. Вучням жа старэйшых класаў — ужо трошкі іншы акцэнт: расказваем пра карнікаў, што чынілі зверствы на тэрыторыі Беларусі.

У журботным пераліку вёсак, знішчаных разам з жыхарамі, ёсць і найменні населеных пунктаў нашага раёна. Таму асобная частка выстаўкі прысвечана Браслаўшчыне. Тут фотаздымкі, успаміны тых, каму ўдалося выжыць. Прадстаўлены таксама помнік у вёсцы Лабэцкія, якім браслаўчане ўшанавалі памяць мірных жыхароў — нашых землякоў, што сталі ахвярамі нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Падрыхтавалі ў бібліятэцы таксама і тэматычную падборку кніг. Убачанае не пакіне абыякавым ні аднаго наведвальніка.■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.