У Браславе прайшоў Дзень праваслаўнай кнігі

Отдых
У мінулую пятніцу супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі зладзілі мерапрыемства, закліканае павысіць цікавасць да духоўных выданняў і нагадаць пра іх значнасць у жыцці людзей: тут адбылася традыцыйная сустрэча, прысвечаная Дню праваслаўнай кнігі. Яе ўдзельнікамі сталі мясцовыя школьнікі, педагогі, сталыя наведвальнікі і настаяцель Свята-Успенскага храма протаіерэй Міхаіл Каляда.

Мерапрыемства пачалося на ўрачыстай ноце: выступленне Марыны Шыркевіч, кіраўніка народнага ансамбля песні «На панадворку», стварыла адпаведны настрой. Падтрымала яго і бібліятэкар Анастасія Лабанава, якая расказала пра заснаванне памятнай даты і зрабіла экскурс у гісторыю кнігадрукавання.

Протаіерэй М. Каляда ў сваю чаргу нагадаў прысутным пра неабходнасць чытання духоўнай літаратуры, асабліва адзначыўшы выданні, прысвечаныя сёлетняму 500-годдзю з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці. Таксама айцец Міхаіл расказаў пра «Малітваслоў» — кнігу, якую ён рэкамендаваў мець у кожным доме.

Прапанова вядучай звярнуцца да духоўнай паэзіі знайшла водгук у дарослых і юных удзельнікаў мерапрыемства: яны ахвотна дэкламавалі цудоўныя творы. А дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская прачытала ўласны верш — разважанне пра сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці.

З цікавасцю прысутныя пазнаёміліся і з багатай тэматычнай кніжнай выставай, якую прадставіла А. Лабанава. Як заўважыла В. Ляснеўская, іх бібліятэчны фонд добра ўкамплектаваны і чытачы знойдуць для сябе тут шмат духоўных кніг, змогуць узбагаціць свае душы.

Падводзячы вынікі цікавай і пазнавальнай сустрэчы, дырэктар установы падзякавала гасцям за ўдзел у мерапрыемстве, падкрэсліўшы, што і ў царквы, і ў бібліятэкі вельмі падобная місія — несці людзям дабро і чалавечнасць.■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.