У Браслаўскай цэнтральнай бібліятэцы працуе выстаўка «Незвычайнае ў звычайным»

Отдых
Значную частку бібліятэчнай работы складае выставачная дзейнасць. Супрацоўнікі браслаўскай цэнтральнай бібліятэкі, акрамя звыклых тэматычных экспазіцый, радуюць сваіх наведвальнікаў яшчэ і нетрадыцыйнымі, якія выклікаюць мноства станоўчых эмоцый. Чарговая выстаўка «Незвычайнае ў звычайным» складаецца з рэчаў, прадастаўленых даўнім сябрам установы — загадчыкам аддзела адукацыі, культуры і спорту Дагдскай краявой думы Марыяй Міцкевіч.

Галоўнымі героямі экспазіцыі сталі совы і каты — больш за 50 фарфоравых, керамічных, драўляных і металічных фігурак выстраіліся на паліцах. Яны выдатна ўпісваюцца ў інтэр’ер памяшкання, запоўненага кнігамі: здаўна начныя драпежныя птушкі з пільным позіркам лічацца сімвалам мудрасці і пазнання, а грацыёзныя незалежныя кошкі — яшчэ і прыгажосці. Калекцыю дапаўняюць і выданні з іх выявамі на вокладках.

Чытачы ахвотна спыняюцца каля экспазіцыі і з цікавасцю разглядаюць яе. Падзівіцца там сапраўды ёсць з чаго! Каля распаўсюджаных статуэтак для ўпрыгажэння жылля стаіць сава-ліхтарык, далей размясціліся капілкі, біжутэрыя і нават арыгінальны гадзіннікпадвеска. Ад усмешлівых катоў таксама цяжка адвесці позірк: хоць і невялікія па памерах, яны тым не менш дакладна перадаюць уласцівыя гэтым жывёлам свавольства, цікаўнасць і грацыю. Да таго ж лічыцца, што фігуркі соў і кошак абараняюць людзей ад нягод і прыносяць удачу. Таму такая аптымістычная выстаўка прыйшлася даспадобы наведвальнікам бібліятэкі.

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.