Праваслаўныя вернікі адзначылі Нараджэнне Хрыстова

Отдых
Нараджэнне Хрыстова — гэта светлае і асаблівае свята, калі вакол пануе атмасфера чакання вялікага цуду. Людзі спяшаюцца павіншаваць адзін аднаго, сказаць шмат добрых і цёплых слоў.

У мінулую сераду ў царкоўным доміку пры Благавешчанскім храме агр. Друя пасля ранішняга богаслужэння прайшоў невялікі канцэрт для вернікаў, падрыхтаваны навучэнцамі нядзельнай школы пад кіраўніцтвам прыхаджанкі Валянціны Казакевіч. З вуснаў дзяцей гучалі калядныя песні, вершы і віншаванні з вялікім святам.

У гэты ж дзень у Богіне зладзілі прадстаўленне, якое ўжо стала традыцыйным. Падрыхтавалі яго выхаванцы нядзельнай школы пры мясцовай Пакроўскай царкве пры дапамозе настаяцеля храма протаіерэя Ігара Чачуковіча і педагога Аліны Насыр.

Навучэнцы разыгралі невялікі спектакль і павіншавалі прыхаджан каляднымі вершамі і песнямі. Пасля выступлення адбыўся ранішнік для малых, падчас якога ўдзельнікі гулялі, танцавалі і атрымалі, як заведзена, невялікія падарункі. Вечарам жа дзеці з зоркай хадзілі па хатах і калядавалі.

Прыемна, што ўжо не першы год калядныя выступленні выхаванцаў царкоўнай школы збіраюць поўную залу мясцовага Дома культуры. І гэта не дзіўна, бо дзеці заўсёды так шчыра і чула ўмеюць падзяліцца з іншымі радасцю і цеплынёй свята.

Вольга ПАПОВА,

прыхаджанка Пакроўскай царквы.