Як зараджалася і развівалася земляробства на Браслаўшчыне

Отдых
Даведацца, як зараджалася і развівалася земляробства на Браслаўшчыне, можна на выстаўцы «Зямлі спрадвечнай рамяство» ў музеі традыцыйнай культуры.

У экспазіцыі прадстаўлена шмат цікавых экспанатаў, якія размеркаваны па часавых адрэзках. Напрыклад, выстаўлены каменныя сякеры з паселішча Зазоны (ІІ ст. да н. э. — ІІІ ст. н. э.), каменныя цёрачнікі і зерняцёрка з гарадзішча Рацюнкі (ІІ — пач. І тысячагоддзя н. э.), прылады часоў сярэднявечча — серпавідныя нажы, знойдзеныя на гарадзішчы жалезнага веку Нурвяны, нарыхтоўка для рала, якое апраналася на саху, жалезныя сякеры, матыкі і некалькі элементаў старажытных жорнаў (касцяная і жалезная порхліцы).

Выклікаюць цікавасць самаробныя саха і плуг, драўляная лапата «рыдль», «кадоўба» — вялікая ёмістасць для захоўвання зерня.

Гістарычныя звесткі нясуць і фотаздымкі пачатку ХХ ст., дзе можна бачыць, як раскалваюць вялікі валун для наступнага вырабу каменных жорнаў, фота 30-х гадоў пра святкаванне дажынак у г. Глыбокае (з польскага архіва), фотаздымкі 50-60 гг. з жыцця калгасаў на Браслаўшчыне і інш.

Бачна, што супрацоўнікі музея правялі вялікую падрыхтоўчую работу. Усе выстаўленыя экспанаты ўзяты з фондаў, а значыць, належалі браслаўчанам. Завяршае выстаўку дэкаратыўны «Дажыначны сноп», які заняў І месца ў конкурсе ў рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла Віцебскай вобласці «Дажынкі – 2018». ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.