Новае стаматалагічнае аддзяленне адкрываецца ў Браслаўскай ЦРБ

Здоровье
Не сакрэт, што сустрэча з зубным урачом для многіх нават дарослых — сур’ёзнае выпрабаванне. Аднак у новым стаматалагічным аддзяленні ЦРБ стрэс у пацыентаў будзе значна меншы.

Ужо ў фае, дзе сцены маюць прыемны колер, вісяць прыгожыя карціны і стаіць камфортная канапа, страх перад бормашынай, несумненна, крыху зменшыцца.

У двух кабінетах — платным і бюджэтным — стаяць сучасныя стаматалагічныя ўстаноўкі, якія маюць наканечнікі з вадзяным ахалоджваннем, што значна памяншае зубны боль пры лячэнні, а таксама з фібраоптыкай для лепшай якасці работы ўрача.

Дзякуючы новаму абсталяванню ў зубапратэзнай лабараторыі медработнікі змогуць выкарыстоўваць сістэму CAD/CAM, якая дазваляе спачатку змадэліраваць будучы зубны пратэз пры дапамозе спецыяльнай праграмы на камп’ютары, а затым зрабіць яго на фрэзерным блоку. Вырабы — імплантанты, пратэзы, зубныя каронкі і інш., выкананыя па такой тэхналогіі, адрозніваюцца высокай якасцю і надзейнасцю.

Выдзелена асобнае памяшканне для стэрылізацыі інструментарыя. Ёсць камфортны пакой адпачынку для медперсаналу.

Словам, любы пацыент атрымае прафесіянальнае якаснае стаматалагічнае лячэнне. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.