Супрацоўнік аварыйнай службы: «Часцей за ўсё выклікі звязаны з пахам газу ў бытавых спажыўцоў»

Безопасность
Аварыйна-дыспетчарская служба дзейнічае кругласутачна. Таму, як і калегі,  Казімір Каралькоў нясе сваю службу па зменах працягласцю 12 гадзін.

«Галоўнае ў нашай рабоце, — кажа Казімір Вікенцьевіч, — быць заўжды напагатове, бо ўсялякія інцыдэнты і аварыі на аб’ектах газаразмеркавальнай сістэмы ці газаспажывання могуць узнікнуць у любы час. І мы павінны аператыўна выехаць на іх ліквідацыю».

Па словах вадзіцеля, за час яго працы ў філіяле выязджаць на сур’ёзныя аварыі, звязаныя з пашкоджаннем газаправода, на шчасце, даводзілася рэдка. Часцей за ўсё выклікі звязаны з пахам газу ў бытавых спажыўцоў.

«У бытавым сектары выпадкі бываюць розныя, — разважае К. Каралькоў. — Не абавязкова, што ўцечка газу адбываецца з-за непаладак у газавым абсталяванні, можа проста па прычыне няўважлівасці. Неяк, напрыклад, патэлефанавала ў аварыйку жанчына з Відзаў і паведаміла, што не можа зразумець, адкуль адчуваецца пах газу. Калі ж прыехалі да яе, то аказалася, што на газавай пліце добра не закрыты кран гарэлкі маленькай канфоркі, якой гаспадыня рэдка карысталася».

У практыцы Казіміра Вікенцьевіча не раз здараліся і памылковыя выклікі. Ён успамінае, што, напрыклад, восенню, калі пачынаюць квасіць капусту, нярэдка людзі блытаюць яе водар з пахам газу. Але ж усе паведамленні ў аварыйна-дыспетчарскую службу, нават самыя неверагодныя, аварыйная змена абавязана праверыць, бо з газам жартаваць небяспечна.

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.