Клуб майстроў і мастакоў «Ля возера» адкрыў у МТК выніковую выстаўку жывапісу «Браслаўская палітра»

Отдых
У малой зале музея традыцыйнай культуры кіраўнік аб’яднання Наталля Парахневіч праводзіць экскурсію.

— Сёлета 6 лепшых мастакоў Браслаўшчыны ўдзельнічаюць у выстаўцы. Вы можаце ўбачыць працы як добра вядомых творцаў, так і адкрыць для сябе новыя імёны, — распавядае яна. — Таленавітасць нашых землякоў падкрэсліваюць іх узнагароды. Нядаўна, напрыклад, карціны Яна Рыдзікі былі адзначаны дыпломам 1-й ступені на абласной выставе-конкурсе мастакоў-аматараў «Мая сям’я» ў намінацыі «Сям’я ў хатнім інтэр’еры». Чэслаў Жусель таксама ў гэтым конкурсе атрымаў узнагароду 1-й ступені ў намінацыі «Сюжэтная кампазіцыя на тэму “Сямейныя рытуалы, святы і паўсядзённасць”».

На выстаўцы можна пабачыць творы гэтых мастакоў і палюбавацца ўвасабленнем аўтарскай задумы, акуратнасцю і майстэрствам браслаўчан. Так, аснову экспазіцыі складаюць карціны Яна Рыдзікі. Мастак апантана працуе ўсю зіму, каб парадаваць гледача дасканалымі работамі. Сёння гэта каля 20 цудоўных браслаўскіх краявідаў. Іх адметнасцю з’яўляецца высокі мастацкі ўзровень выканання Яна Антонавіча і яго бясконцая любоў да радзімы. А вось Чэслаў Жусель вызначаецца з шэрагу іншых мастакоў своеасаблівай манерай жывапісу і неардынарнымі кампазіцыямі. Яго карціны заўсёды выклікаюць вялікую цікавасць у гледачоў. Літаральна ў маі ён зладзіў асабістую выстаўку ў музеі традыцыйнай культуры, а супрацоўнікі абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ўжо запрасілі яго падрыхтаваць карціны на наступны год для персанальнай экспазіцыі ў Віцебску.

Сярод выстаўленых для агляду работ — працы Аліны Трукан, Галіны Ставіцкай, Юліі Шылай і Людмілы Сінкевіч. Апошняя ўпершыню прымае ўдзел у выстаўцы і паспяхова спрабуе свае здольнасці ў мастацтве. Аліна Трукан гэты раз раскрылася па-новаму: яна захапілася акварэллю і прадставіла на выставе шэраг кветкавых кампазіцый. Галіна Ставіцкая падрыхтавала для экспазіцыі свае акварэлі, яе карціны вылучаюцца дасканаласцю і пяшчотнасцю. Прыемна, што папоўніла шэраг мясцовых мастакоў і відзаўчанка Юлія Шылай. Яна прадставіла цікавыя работы, на якіх наведвальнікі з радасцю пазнаюць родныя краявіды і славутыя мясціны.

Выстаўка ў музеі будзе працаваць да канца лета, таму вольную хвіліну можна правесці карысна і цікава. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.