Вучні са школьнага лясніцтва СШ № 2 пабывалі ў Рацкім бары

Отдых
З юным задорам вучні школьнага лясніцтва «Лясная акадэмія» СШ № 2 вывучаюць азы сваёй справы. Вось і ў мінулую суботу яны адправіліся ў Рацкі бор, каб пазнаёміцца з плошчамі ляснога фонду.

А паколькі ў госці не ідуць з пустымі рукамі, напярэдадні школьнікі сваімі рукамі зрабілі шпакоўні.

Куратар школьнага лясніцтва, супрацоўнік НП «Браслаўскія азёры» Таццяна Кезік у пачатку экскурсіі пазнаёміла нас з планам лесапасадкі. Пасля чаго майстар лесу Браслаўскага лясніцтва Анатоль Бялько навучыў карыстацца картай, пазнаёміў з рознымі відамі лясных раслін. І мы адправіліся ў лес, які сустрэў нас птушыным шчабятаннем, прыемным пахам свежасці і таямнічасцю.

Светлая сасновая паласа скончылася высокім ярам, на дне якога струменіцца чыстая крыніца. На яго ўскрайку абсталяваны тры вялікія домікі для гняздоўя птушак, тут жа і мы размясцілі свае шпакоўні. Затым апынуліся ў цёмным яловым лесе. А. Бялько расказаў пра месцы ляжанак дзікоў, паказаў пашкоджаную імі кару дрэў. З цікавасцю разглядалі нару барсука, сустрэлі вужоў, якія грэліся на сонейку і, пачуўшы наш гоман, хуценька схаваліся ў мох.

Прайшлі ў гэты дзень вельмі многа, нават трошкі стаміліся, але свежае паветра, новыя ўражанні і бадзёры настрой былі добрай кампенсацыяй. ■

Антон ЛАПКО,

вучань 6 класа, член школьнага лясніцтва СШ № 2.