Браслаўскія школьнікі сталі лаўрэатамі абласнога турніру па шахматах

Здоровье
Традыцыйнае першынство па шахматах сярод школьнікаў Віцебскай вобласці прайшло нядаўна ў Оршы.

Сёлета ў турніры прынялі ўдзел каманды з дзевяці раёнаў. Браслаўшчыну прадстаўлялі юныя шахматысты з дзвюх гарадскіх і Ахрэмаўскай школ: Кірыл Ракіцкі, Мікіта Анёха, Юлія Шнітко, Аляксандр Арцімовіч і Ігар Арэх.

Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме: кожнай з дзевяці каманд трэба было выстаяць у васьмі турах.

Перамогу атрымалі гаспадары спаборніцтваў, другой стала каманда з Шаркаўшчыны. Нашы шахматысты ўзняліся на трэцюю прыступку, на якую прэтэндавалі аж пяць каманд.

Пры падвядзенні вынікаў галоўны суддзя турніру павіншаваў пераможцаў і ўручыў ім медалі, дыпломы і памятныя прызы.

— Падчас такіх спаборніцтваў, — кажа трэнер браслаўскай каманды Уладзімір Аляксееў, — расце майстэрства дзяцей і набываецца вопыт. З задавальненнем хочацца адзначыць, што ўзровень нашых юных шахматыстаў узрастае, а значыць, можам спадзявацца на больш высокія вынікі. ■

Алена ПЯТУШКА.