Землеўпарадкавальная служба паведаміла, за колькі пайшоў з малатка самы дарагі ўчастак зямлі на Браслаўшчыне

Деньги
Сярод накірункаў дзейнасці землеўпарадкавальнай службы раёна важнае месца займае ўцягненне невыкарыстоўваемых земляў у гаспадарчы абарот. Так, у мінулым годзе было праведзена абнаўленне зямельна-інфармацыйнай сістэмы Браслаўскага раёна. Падчас выканання дадзеных работ спецыялісты мясцовага аддзела землеўпарадкавання зрабілі інвентарызацыю земляў сельскіх населеных пунктаў і больш за 800 га плошчаў, незапатрабаваных грамадзянамі, перадалі сельгаспрадпрыемствам.

Таксама падчас інвентарызацыі фарміруецца спіс найбольш прывабных месц для продажу зямельных участкаў на ўмовах аўкцыёну, што дазваляе папаўняць казну сельвыканкамаў. З 2014 года такім чынам рэалізаваны 62 зямельныя ўчасткі.

Пасля працэдуры іх фарміравання і падрыхтоўкі неабходнага пакета дакументаў аўкцыён праводзіць ККП «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу».

Праўда, цяпер ужо на таргах па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць няма такой канкурэнцыі і таго ажыятажу, якія назіраліся некалькі гадоў таму назад на свабодныя ўчасткі населеных пунктаў Браслаўскага раёна для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў.

З аднаго боку, скажам прама, найбольш прэстыжныя з іх ужо выкупілі, а з другога — патэнцыяльныя пакупнікі сталі сумнявацца, ці варта ў нашым азёрным краі будаваць дом, круглы год наймаць для яго абслугоўвання людзей, калі капрызнае надвор’е дазваляе для цела і душы адпачыць тут усяго некалькі тыдняў.

Тым не менш аўкцыёны працягваюцца. У 2017 годзе было прададзена 9 зямельных участкаў на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў і 1 у Браславе. У выніку праведзеных таргоў у мясцовыя бюджэты паступіла 59 194 рублёў. Летась таксама рэалізавана 11 участкаў у прыватную ўласнасць на агульную суму 53 793 руб.

Большая частка дадзеных сродкаў «асела» на рахунку Друеўскага сельскага выканаўчага камітэта, бо з чатырох прададзеных за апошнія 2 гады ўчасткаў у вёсцы Пошта Абаб’е толькі адзін рэалізаваны па пачатковай цане плюс 5 %, астатнія ж пайшлі з малатка з перавышэннем пачатковай цаны ў некалькі разоў. Напрыклад, самы «даходны» з іх папоўніў казну сельвыканкама на 24 763 руб.

Сродкі, атрыманыя падчас аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць, накіроўваюцца на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. У прыватнасці, у аграгарадку Друя за кошт іх набыты металічны штыкетнік для агароджы, дваровыя лаўкі і вулічныя урны для смецця, металічныя кветачніцы. Частка сродкаў таксама была накіравана на рамонт участка дарогі ў Друйску, аплату паслуг спецыялізаванай арганізацыі, якая знішчала гербіцыдамі баршчэўнік, і г. д.

Землеўпарадкавальная служба раёна мае і сёлета папярэднія дамоўленасці, каб рэалізаваць праз аўкцыён каля дзесяці зямельных участкаў для будаўніцтва дамоў. Значыць, сельвыканкамы зноў атрымаюць дадатковыя інвестыцыі, якія будуць накіраваны на павышэнне камфортнасці жыцця ў сельскіх населеных пунктах. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.