Як выглядае жывёлагадоўля ў Браслаўскім раёне на фоне краіны

Деньги
Міністэрства сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання падвяло вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за 2018 год. За аснову эфектыўнай работы абласцей, раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў узята вытворчасць малака — асноўнай крыніцы фінансавых паступленняў і экспартнага прадукту.

Больш за пяць гадоў запар перад жывёлаводамі рэспублікі ставілася задача надаіць ад кожнай каровы 5 тысяч кілаграмаў малака. У 2017 годзе да запаветнага рубяжа не хапіла ўсяго 11 кг. Мінулы стаў больш паспяховым. У сярэднім па рэспубліцы прадукцыйнасць дойнага статка вырасла на 15 кг і дасягнула 5 004 кілаграмаў. Валавая ж вытворчасць малака за год вырасла на 0,7 %, а агульны надой склаў 7 035 629 тон. У 2018 годзе 140 гаспадарак атрымалі ад каровы па 7 тысяч кілаграмаў і больш, звыш 5 тысяч — 490 сельгаспрадпрыемстваў.

Цяпер для галіны арыенцірам будзе мінулы год. Прычым калі адным давядзецца замацаваць дасягнутую 8-9-тонную прадукцыйнасць і пайсці далей, то іншым — выйсці хоць бы на сярэднерэспубліканскі ўзровень. Праўда, зрабіць гэта будзе няпроста.

Калі мінулагоднюю прадукцыйнасць падзяліць на складальнікі, прагледжваецца такая заканамернасць: на пяцітонны надой выйшлі 53 раёны — гэта менш за палову. Пры гэтым 13 з іх знізілі прадукцыйнасць, астатнія прыраслі ад 37 да 716 кілаграмаў малака ад каровы. Два гады таму назад больш за 10 тон надаілі 4 сельгаспрадпрыемствы, у мінулым да іх дабавіліся яшчэ тры.

Сярод 297 гаспадарак, якія надаілі звыш 6 тысяч кілаграмаў малака, наш «Маяк Браслаўскі» з надоем 7 202 кг размясціўся на 123 месцы ў рэспубліцы і на 8 у вобласці (паказчыкі крыху горшыя, чым былі годам раней).

Сярод 118 раёнаў Браслаўскі з сярэднім надоем 2 709 кг размясціўся на 114 месцы: мінус 6 пазіцый. У параўнанні з 2017 годам надой ад каровы знізіўся на 669 кг.

За ўзгаданы перыяд таварнасць рэалізаванай прадукцыі па рэспубліцы склала 89,1 % (- 0,6 % да 2017 года), па Віцебскай вобласці — 87,4 (-0,7), па раёне — 85,8 % (-1 %). Валавую вытворчасць малака сельскія працаўнікі Браслаўшчыны знізілі на 26,2 %: яна склала 22 938 тон. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.