Браслаўчанін Мікалай Назараў атрымаў ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны»

Главное Люди
У сакавіку споўніцца 30 гадоў, як Мікалай Назараў, машыніст аўтакрана, прыйшоў у перасоўную механізаваную калону. Як аднойчы напісаў у аддзеле кадраў заяву на працу ў ПМК-42, так назаўсёды і застаўся верным абранай прафесіі і працоўнаму калектыву.

Праўда, па атрыманай некалі ў маладосці адукацыі Мікалай мае спецыяльнасць «эксплуатацыя чыгуначных дарог». Пасля заканчэння Іказненскай школы атрымаў яе ў Даўгаўпілскім тэхнікуме чыгуначнага транспарту. Па размеркаванні тры гады адпрацаваў дзяжурным па станцыі. Але цягнула на малую радзіму, і калі закончыўся тэрмін абавязковай адпрацоўкі, то Мікалай вярнуўся ў 1989 годзе ў родныя мясціны і адразу пайшоў у ПМК-42 — спачатку рознарабочым. Хутка стараннага і адукаванага хлопца прадпрыемства накіравала ў Гомель на курсы аўтакранаўшчыкоў. Там ён атрымаў працоўную спецыяльнасць, з якой і па сённяшні дзень ідзе па жыцці.

За такі працяглы стаж машыніста аўтакрана немагчыма нават падлічыць, колькі тон грузаў падняў ці разгрузіў на сваім КрАЗе Мікалай Назараў на будаўнічых аб’ектах.

Падчас нашай размовы спрактыкаваны машыніст не мог стрымацца, каб не пахваліць надзейнасць тэхнікі савецкага аўтапрама.

— Аўтакран на базе КрАЗа я атрымаў амаль новы, з трыма гадамі пасля выпуску, — кажа Мікалай Назараў. — Відаць, і на пенсію пойдзем з ім разам. За тры дзясяткі гадоў эксплуатацыі ніколі мяне сур’ёзна не падвёў і не азадачыў складаным рамонтам. Да цяперашняга часу ўсе агрэгаты на ім родныя, раздатачную каробку толькі «перасыпаў» ды адзін камплект шын замяніў. Бадай, больш догляду патрабуе абсталяванне самога крана. Прычым самае галоўнае — гэта надзейнасць тросаў. Адны могуць паслужыць год, а іншыя і тры — у залежнасці ад ступені іх зносу: 10 % амартызацыі — гэта ўжо выбракоўка, трэба замяніць на новыя.

Дарэчы, машыніст аўтакрана штодзённа ў пачатку рабочага дня правярае дзеяздольнасць троса, чалкаў і тармазоў на кожнай лябёдцы: тэхніка бяспекі падчас пагрузачна-разгрузачных работ найважнейшая за ўсё іншае. Нездарма ж кранаўшчыкі кожны год праходзяць атэстацыю: здаюць унутранай камісіі прадпрыемства экзамен па ахове працы і тэхніцы бяспекі.

Па водгуках кіраўніцтва механізаванай калоны, Мікалай Назараў вельмі адказна адносіцца да патрабаванняў па бяспечных умовах працы. За 30 гадоў работы на будаўнічых пляцоўках з удзелам яго аўтакрана, на шчасце, ніколі не здараліся няшчасныя выпадкі. Ён з’яўляецца спецыялістам высокага класа, якасна выконвае вытворчыя заданні. Напрыклад, за мінулы год норма яго выпрацоўкі склала 118 %. Па выніках працоўнай дзейнасці машыніста неаднаразова ўзнагароджвалі ганаровымі граматамі калоны і галаўной арганізацыі — унітарнага прадпрыемства «Полацксельбуд». А сёлета М. Назараў трапіў і ў лік лепшых працаўнікоў Віцебскай вобласці — атрымаў ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны». ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.