Чэмпіён свету пераехаў разам з сям’ёй з Мінска ў вёску пад Відзамі і вучыць месных хлопцаў вольнай барацьбе

Главное Люди
Браслаўшчына заўсёды прыцягвала да сябе людзей, якія без шкадавання пакідаюць мітусню вялікага горада і з задавальненнем перасяляюцца ў наш край. Менавіта тут яны знаходзяць радасць унутранага супакаення і размеранага ладу жыцця. І вельмі прыемна, што сярод «новых» браслаўчан сустракаюцца цікавыя і знакамітыя асобы.
СПАРТЫЎНЫ АЛІМП

Знаёмства з Браслаўшчынай у Вячаслава Пірскага адбылося яшчэ ў дзяцінстве, калі ён разам з камандай барцоў Мінскай ДЮСШ амаль кожнае лета адпачываў у спартыўным лагеры «Чайка». Ужо тады водная простора Дрывят, на беразе якіх знаходзіцца лагер, закранула сэрца хлопца сваёй прыгажосцю.

Спартыўная кар’ера маладога барца вольным стылем В. Пірскага складвалася вельмі ўдала. Ён упэўнена заваёўваў вяршыні спартыўнага Алімпа. Але, як кажа мужчына, таленту ў спорце ўсяго 1 %, астатняе — трэніроўкі і ўпартасць. Мэтанакіраванасць і працавітасць дапамаглі беларускаму асілку стаць майстрам спорту міжнароднага класа, чэмпіёнам свету па вольнай барацьбе ў вагавой катэгорыі да 130 кг, майстрам спорту па самба. Акрамя гэтага, Вячаслаў перамагаў у міжнародных спаборніцтвах па сумо і атрымаў тытул чэмпіёна Еўропы.

Спартсмен аб’ездзіў паўсвета, жыў і трэніраваўся ў Амерыцы, Германіі, Альпах, але пры кожнай магчымасці наведваўся на Браслаўшчыну, каб удыхнуць свежага паветра і зарадзіцца энергіяй ад матухныпрыроды.

За плячыма мініяцюрнай Наталлі Пірскай — кар’ера спартыўнай гімнасткі. Майстар спорту, пераможца міжнародных спаборніцтваў, яна таксама ўпэўнена ўздымалася па спартыўных прыступках. Шмат давялося выступаць ёй у розных краінах свету, найбольшыя ўражанні засталіся ад Шры-Ланкі. Але прафесійны лёс гімнастак вельмі кароткі, таму ва ўзросце 18 гадоў Наталля развіталася з вялікім спортам. Да таго ж сказалася і траўма.

Аднойчы гэтыя дзве зоркі спартыўнага небасхілу сустрэліся, і паміж імі ўспыхнула яскравая іскрынка кахання, якая з часам разгарэлася ў пяшчотнае сямейнае вогнішча.

УЛАСНАЯ СЯДЗІБА

Насычанае цікавае жыццё маіх суразмоўцаў у розных і экзатычных краінах свету ніколькі не затушыла любоў і цягу да нашых мясцін. І восем гадоў таму назад сям’я Пірскіх набыла зруб дома ў в. Хвасты Відзаўскага сельсавета.

— Давялося прыкласці шмат намаганняў, — кажа гаспадар, — каб зрабіць будынак утульным і зручным домам, дзе можна адпачыць душой.

Дзякуючы стараннасці Вячаслава і Наталлі прасторная сядзіба стала для іх своеасаблівым аазісам цішыні і спакою. Спачатку яна выкарыстоўвалася як дача, а чатыры гады таму назад сям’я Пірскіх пераехала сюды са сталіцы на пастаяннае жыхарства. Праўда, не ў поўным складзе: дзве старэйшыя дачкі засталіся ў Мінску, дзе вучацца ў ВНУ. А вось малодшыя Ганна і Аўрора без шкадавання раздзялілі з бацькамі вясковае размеранае жыццё і з задавальненнем вучыліся спачатку ў Богінскай школе, а цяпер — у Відзаўскай.

Наконт магчымасцей развіцця дзяцей Вячаслаў і Наталля ўпэўнены, што ў мясцовай школе іх не менш, чым у сталічнай. Галоўнае, мець жаданне да актыўнай дзейнасці. Ды і дзяўчатам вельмі падабаюцца і настаўнікі, і аднакласнікі.

Як і належыць сапраўдным «сялянам», у сям’і ёсць уласная гаспадарка: два вялікія сабакі, конь, авечкі, в’етнамскае парасё. Але адносіны да гэтай жыўнасці ў гаспадароў зусім не спажывецкія. Конь спартыўнай пароды і свінка свабодна гуляюць па ўсёй даволі вялікай тэрыторыі сядзібы. Проста падыходзяць да хаты, а летам пытлівую пысу каня можна ўбачыць у расчыненым акне пакоя. На прыгожым скакуне Вячаслаў часам здзяйсняе прагулкі, але нядоўга, бо такога асілка далёка не кожны конь можа вытрымаць.

РАЗМЕРАНАЕ, АЛЕ ЦІКАВАЕ ЖЫЦЦЁ

Праўду кажуць у народзе, што дужыя людзі маюць вялікае добрае сэрца. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да В. Пірскага. Вясёлы, шчыры, з яснымі вачыма, ён адразу прываблівае да сябе, знаходзіць кантакт і з дарослымі, і з дзецьмі. Каб прыцягнуць відзаўскіх хлопцаў да спорту, па ўласнай ініцыятыве на базе мясцовага каледжа вядзе гурток па вольнай барацьбе.

На Браслаўшчыне ў поўнай меры раскрыліся і таленты сапраўднай захавальніцы сямейнага ачага Наталлі. І як з добрай усмешкай заўважае Вячаслаў, гэтаму паспрыяла дабратворная браслаўская зямля і прырода. Шмат увагі жанчына надае здароваму харчаванню сям’і, таму сама пячэ хлеб і здобу, летам збірае зёлкі для гарбаты. А пры неабходнасці можа і сама травы накасіць. Наталля актыўна ўдзельнічае ў пазашкольным жыцці сваіх дачок. Для спартыўнага мерапрыемства развучыла з відзаўскімі вучаніцамі нумар па чырлідзінгу.

Гэта зусім не значыць, што Пірскія абмежаваліся ад свайго былога жыцця. З радасцю яны сустракаюцца з роднымі, сваякамі і сябрамі, ездзяць у сталіцу. Але больш любяць прымаць гасцей на сваёй сядзібе, дзе прастор, свежае паветра і прыгажосць. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.