Гід для юных браслаўчан і іх бацькоў, як весела і незабыўна правесці зімовыя канікулы

Отдых
Дзеці з нецярпеннем чакаюць навагоднія святы, падчас якіх збываюцца мары, дорацца падарункі, а навокал пануе весялосць і добры настрой. А яшчэ гэта час зімовых канікулаў, калі можна адпачыць ад падручнікаў і ўрокаў, цікава і з карысцю правесці свой вольны час. Варыянты займальнага адпачынку вывучала «Браслаўская звязда».
У ШКОЛАХ НЕ ДА СУМУ

Ва ўстановах адукацыі для ўсіх вучняў распрацаваны план арганізацыі вольнага часу. Пройдуць навагоднія ранішнікі і вечары, дыскатэкі, а значыць, кожны, хто завітае на такія мерапрыемствы, атрымае добры настрой і падарункі. Падчас зімовых канікулаў адбудуцца спартыўныя спаборніцтвы, будуць працаваць разнастайныя гурткі і аб’яднанні. Каля 220 дзяцей адпачнуць у аздараўленчых лагерах рознага накірунку, якія будуць дзейнічаць на базе ўсіх школ. Напрыклад, у гімназіі па традыцыі для пяцікласнікаў гасцінна расчыніць свае дзверы лагер дзённага знаходжання лінгвакультуралагічнага накірунку «Спадчына», у Відзаўскай школе для вучняў пачатковых класаў адкрыецца эколага-біялагічны лагер, у СШ № 2 фарміруецца праваслаўны атрад. Для належнага адпачынку школьнікаў будуць створаны добрыя ўмовы, арганізавана паўнавартаснае трохразовае харчаванне, прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў.

ЗАКРУЖЫЦЬ ВЯСЁЛАЯ ПЛАНЕТА

Цікава арганізоўваць канікулы ўмеюць і ў ЦДіМ. Тут чакаюць школьнікаў кожны дзень, акрамя выхадных і святочных дзён. Дзяцей парадуюць навагоднія ранішнікі, традыцыйныя адкрытыя творчыя заняткі і майстар-класы, куды запрашаюцца і бацькі, шахматныя турніры, плануецца выязны дзень сельскага школьніка.

Запрашаюць да сябе школьнікаў і супрацоўнікі цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі, якія падрыхтавалі для іх вясёлую і цікавую праграму. Хлопчыкі і дзяўчынкі могуць завітаць на пазнавальную гадзіну ці вернісаж, паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў, адправіцца ў віртуальную вандроўку, праявіць свае веды ў розных віктарынах ці проста паглядзець мультфільмы.

АДПАЧЫВАЕМ АКТЫЎНА

Безумоўна, зіма — выдатны час для гульняў на свежым паветры. Калі надвор’е дазваляе, можна пагуляць у снежкі, зляпіць снегавіка, пакатацца на санках, лыжах, каньках. Дарэчы, гэты спартыўны інвентар можна ўзяць напракат у РФСК «Дрывяціч».

Аматары экстрыму змогуць выпрабаваць сябе на паласе перашкод і скаладроме ў вяровачным парку на тэрыторыі УП «Браслаўскія азёры».

У ГОСЦІ ДА ДЗЕДА МАРОЗА

Прафсаюзныя пярвічкі арганізацый і прадпрыемстваў раёна маюць добрую магчымасць падарыць дзецям сваіх супрацоўнікаў незабыўнае падарожжа, якое прапануе УП «Браслаўскія азёры». Для групы дзяцей колькасцю 40 чалавек можна арганізаваць паездку на галоўную ёлку краіны ў Палац Рэспублікі, якая пройдзе 29 снежня.

Другі варыянт — 29 снежня наведаць рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Полацку і акунуцца ў цікавую праграму «Тайна чарадзейнага гадзінніка», паглядзець лялечны тэатр «Батлейка», паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе цацак, пагуляць на свежым паветры і атрымаць салодкі падарунак.

Ці ў любы зручны дзень адправіцца ў Бярэзінскі біясферны запаведнік на вясёлае прадстаўленне «Новы год у запаветным царстве», пазнаёміцца з экспанатамі музея прыроды і міфалогіі, пабываць у лясным заапарку, пакатацца на санях і атрымаць падарунак ад Дзеда Мароза.

ПАЗНАЁМІЦЦА З МЯСЦОВАЙ ФАЎНАЙ

Добры варыянт для бацькоў — разам са сваімі дзецьмі наведаць вальеры з дзікімі жывёламі, тым больш што знаходзяцца яны недалёка ад Браслава. Там можна ўбачыць мядзведзя, рысь, казулю, беркута, ваўка, аленя і іншых, а таксама пазнаёміцца з інфармацыяй пра гэтых жывёл. ■

Алена ПЯТУШКА.