Барацьба была напружанай: на базе ЦДіМ прайшоў шахматны турнір «Восеньскі зарапад»

Здоровье
У канцы кастрычніка на базе ЦДіМ прайшоў шахматны турнір «Восеньскі зарапад».

Спаборніцтвы праходзілі ў трох узроставых групах. Барацьба была напружанай: усе юныя шахматысты імкнуліся да перамогі. Некаторыя з іх гулялі ўпершыню і адразу гучна заявілі пра сябе.

Тым не менш пальма першынства дасталася лепшым. Так, у старэйшай узроставай катэгорыі чэмпіёнам стаў вучань СШ № 1 Мікіта Анёха, у сярэдняй — гімназіст Данііл Кіслякоў, а сярод маленькіх удзельнікаў на першую прыступку п’едэстала падняўся вучань СШ № 1 Антон Шнітко.

Як адзначыў кіраўнік шахматнага гуртка пры ЦДіМ Уладзімір Аляксееў, зацікаўленасць да старыжытнай гульні ўзрастае, таму ў далейшым у рамках гуртка плануецца развіваць два новыя шахматныя накірункі: баявыя і парныя шахматы.

Прадэманстраваць сваё майстрэства ў інтэлектуальнай гульні сабраліся таксама і дарослыя. Для іх РФСК «Дрывяціч» арганізаваў турнір асабістага першынства раёна па шахматах.

У актавай зале ЦДіМ разгарэлася сур’ёзная барацьба. Усе змагаліся на роўных, ніхто не аддаваў перамогу без бою.

Пасля спякотных шахматных баталій лаўры пераможцы дасталіся браслаўчаніну Мікалаю Юле. Адзіная жанчына спаборніцтваў Святлана Мацкевіч атрымала тытул «Самая актыўная шахматыстка». ■

На здымку: Мікалай Юла (справа) вядзе напружаную партыю з Уладзімірам Паляковым.

Алена ПЯТУШКА.