Самаробны гармонік. Гісторыя аднаго экспаната браслаўскага музея

Отдых

Гэта цяпер можна набыць любы музычны інструмент, а дзесяцігоддзі таму назад іх прыходзілася рабіць уручную. На Браслаўшчыне найбольш распаўсюджаны былі цымбалы, скрыпка, гармонік і бубен. Цікава, што ў пачатку ХХ стагоддзя гармонік тут быў невядомы. Калі жыхар в. Брылеўшчына выпісаў інструмент з Пецярбурга, то на яго збіраліся паглядзець, як на дзіва.

Гармонік стаў папулярным за кароткі час, а мясцовыя ўмельцы паступова навучыліся яго рабіць. Гармонік на гэтым здымку належаў Ксаверыю Карэніку. Гэта самаробны музычны інструмент. Цікава, што К. Карэнік уваходзіў у склад адной вядомай капэлі (часовы гурт музыкаў для ігры на вечарынах, вяселлях і іншых святах) з вёскі Думарышкі. Увогуле ж добры гармонік каштаваў вельмі дорага і перадаваўся ў спадчыну. Гэты інструмент у дар музею прынесла Леакадзія Федаровіч з Браслава. Ён добра захаваўся і цудоўна дапоўніў калекцыю. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.