Наведайце выстаўку майстроў і мастакоў

Выставки Отдых

«Калядныя ўзоры» — штогадовая і заўсёды доўгачаканая выстаўка майстроў і мастакоў народнага клуба «Ля возера». Сёлета яна распачала сваю працу 15 снежня.

001Традыцыйная экспазіцыя вырабаў удзельнікаў народнага клуба даўно стала адметнай падзеяй у культурным жыцці. Звычайна творцы рыхтуюцца за яе загадзя, прыдумваюць ідэі і ажыццяўляюць іх, таму нездарма кожны раз выстаўка здзіўляе арыгінальнасцю.

Сёлета «Калядныя ўзоры» аб’ядналі больш за 40 майстроў і мастакоў, якія дэманструюць каля 120 работ. Гэта вырабы ў розных тэхніках: шыццё, саломапляценне, вязанне, вышыўка, роспіс, дэкупаж, валянне з лямцу і інш. А ў своеасаблівым цэнтры экспазіцыі размясцілася навагодняя ёлка з самаробнымі цацкамі, якую ахоўвае аб’ёмны папяровы (а з першага позірку нават і не здагадаешся) сабака.0002

Адкрыццё выстаўкі было шматлюдным і цікавым. Работнікі музея падрыхтавалі няспынны інтэрактыў з наведвальнікамі. Так, на другім паверсе працавала тэматычная фотазона з навагодняй ёлкай і падарункамі, дзе кожны мог не толькі сфатаграфавацца з рознымі аксесуарамі, але і атрымаць за гэта білецік латарэі, розыгрыш якой праводзіўся на адкрыцці. А прызамі для яе сталі вырабы мясцовых умельцаў. Пагадзіцеся, гэта сапраўдныя падарункі да Каляд і Новага года! Прыемным сюрпрызам для наведвальнікаў стаў майстар-клас ад вопытнага майстра Мікалая Дзянісава. Мужчына разам з усімі жадаючымі рабіў цацку з паперы, і трэба адзначыць, што людзей каля яго пастаянна было шмат. Паралельна гэтаму ішло галасаванне за лепшае ёлачнае ўпрыгожванне. Дарэчы, па меркаванні наведвальнікаў выстаўкі, зрабіць навагоднюю цацку лепш за ўсё атрымалася ў Ларысы Дарафейчык (1 месца), а таксама ў Таццяны Далецкай і Святланы Маскалёвай (2 і 3 месцы адпаведна). Акрамя пералічанага, работнікі музея частавалі ўсіх духмянай гарбатай. Не абышлося і без музычнага суправаджэння. Так, творчую атмасферу ўдала дапаўняў дуэт педагогаў Любові Храмавай і Ірыны Лінкевіч з Браслаўскай ДШМ, якія гралі на цымбалах.

«Калядныя ўзоры» — адна з візітных картак майстроў і мастакоў народнага клуба «Ля возера». Аб’яднанне, якое існуе больш за 25 гадоў, дало магчымасць раскрыцца многім таленавітым браслаўчанам і працягвае гэта паспяхова рабіць, а чарговая выстаўка стала пацверджаннем таму.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.