Пленэр мастакоў у Друі

Отдых

Пленэр мастакоў з усёй Беларусі праходзіў з 17 па 24 ліпеня на базе манастыра пры касцёле Найсвяцейшай Троіцы ў Друі.

2 Ініцыятарам яго правядзення выступіў мясцовы ксёндз Сяргей Сурыновіч. Сёлета пленэр праходзіў другі раз і сабраў значна больш удзельнікаў. Так, у гэтым годзе на ўдзел у ім было пададзена 82 заяўкі, а адабрана толькі 32 мастакі. Сярод удзельнікаў — мэтры беларускага мастацтва, чые работы захоўваюцца ў розных музеях Беларусі і замежжа: сімвалісты Марта Шматава і Алесь Пушкін, мультыплікатар і акварэліст Дзмітрый Сурыновіч, “нумар адзін” у беларускім авангардзе Вольга Сазыкіна і пачынаючыя мастакі, будучыя зоркі жывапісу.

— Выбраць самых лепшых для ўдзелу ў пленэры было складана, дапамагала рабіць адбор мастачка з Мінска, іканапісец Вольга Куваева, — расказаў ксёндз Сяргей Сурыновіч. — У Друю прыехалі 1творцы з Мінска, Брэста, Магілёва.

На працягу тыдня Друя і яе наваколлі ўяўлялі сабой адну вялікую мастацкую майстэрню, у розных куточках якой удзень мастакі тварылі, а вечарам збіраліся разам і абмяркоўвалі свае работы. Падчас пленэру было створана больш за сотню карцін рознага накірунку сучаснага жывапісу: ад авангардызму і сімвалізму да рэалізму. Кожны творца па-свойму ўбачыў Друю і яе вулачкі, пейзажы, касцёл, людзей.

Так, мастачка Марта Шматава прадставіла Друю ў вобразе жанчыны з сінімі косамі і чырвонымі 3каралямі. Як патлумачыла аўтар, косы — рэкі Дзвіна і Друйка, а каралі — кроплі крыві, якая пралілася падчас Вялікай Айчыннай вайны. Такое параўнанне прыйшло, па прызнанні Марты Шматавай, калі яна знаходзілася на мосце і глядзела ў Друйку, водарасці якой нагадалі валасы жанчыны. Менавіта гэтую карціну многія назвалі сімвалам пленэру.

— Шчыра кажучы, я ўпершыню на пленэры, — прызналася мастачка. — Пішацца мне тут цудоўна, спакойна. Пасля працы ёсць добрая магчымасць пагаварыць з калегамі пра мастацтва, абмеркаваць творы.

— Друя зачаравала сваёй аўрай, — падзялілася ўражаннямі Вольга Сазыкіна. — Тут на кожным кроку датыкаешся да гісторыі — вельмі цікавае мястэчка. Нас гасцінна прынялі.

4— Я вельмі рада, што трапіла сюды, для мяне, як для маладога аўтара, гэта вялікі вопыт. А яшчэ гэта ўнікальная магчымасць папрацаваць побач з прызнанымі мастакамі, — кажа Паліна Корзун, якая толькі нядаўна скончыла Акадэмію мастацтваў.

Душэўную і гасцінную атмасферу, якая панавала ў Друі, адзначалі ўсе ўдзельнікі пленэру. Завяршыўся ён адкрыццём вернісажу, на якім былі прадстаўлены ўсе работы мастакоў. Як і ў мінулым годзе, кожны з іх пакінуў па некалькі карцін у Друі для мастацкай галерэі, адкрыць якую марыць гаспадар пленэру ксёндз Сяргей Сурыновіч.

■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.